Канцэрн «Белнафтахім» прапанаваў расійскім нафтавым кампаніям пастаўляць нафту на беларускія НПЗ па «давальніцкай схеме». Аднак адказу на гэта беларускі бок не атрымаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар дзяржканцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка.

«Перыядычна праяўляецца нейкая нервовасць з боку расійскіх даччыных кампаній. Іх боязь, што ім не хопіць паліва, суправаджаецца разнастайнымі мерапрыемствамі. «Лукойл» уводзіў ліміты, потым адмяніў — і нічога не высахла. Цяпер вось «Газпрам нафта» дэманструе адзінкавую спробу пастаўкі паліва з Еўропы, прычым у памеры сутачнай нормы. Раней мы гэтым кампаніям прапаноўвалі: калі адчуваеце неспакой, то можна скарыстацца схемай давальніцкай перапрацоўкі. Яны пастаўляюць нафту, мы перапрацоўваем і пастаўляем на іх АЗС паліва. Пакуль сустрэчных хадоў не было», — распавёў прэс-сакратар «Белнафтахіма».

Ён запэўніў, што адгрузкі з беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў ідуць на ўсе АЗС.

У Беларусі дзейнічаюць сеткі кампаній «Лукойл», «Газпрам нафта», «Раснафта», «Татнафта».

Праблемы з палівам у расійскіх заправак пачаліся на фоне таго, што Расія з новага года адмовілася пастаўляць нафту ў Беларусь. У пачатку лютага запраўкі «Лукойла» ў Брэсцкай вобласці ўводзілі абмежаванне на продаж паліва. Але пасля таго як «Белнафтахім» назваў гэтыя дзеянні правакацыяй, абмежаванні былі знятыя.

11 лютага на Reuters з’явіліся звесткі, быццам расійскія сеткі АЗС у Беларусі могуць пачаць закупку паліва ў суседніх краінах.