Падчас адкрыцця барэльефу Адама Міцкевіча на будынку былой гімназіі ў Навагрудку, дзе ён вучыўся

Барэльеф прымацавалі на будынку былой дамініканскай гімназіі, дзе вучыўся вялікі паэт Адам Міцкевіч. 8 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё.

Барэльеф выпадкова быў знойдзены гараджанамі яшчэ мінулай восенню. Адмыслоўцы вызначылі, што ён быў зроблены напачатку ХХ стагоддзя. Аўтар барэльефу – невядомы.

Падчас адкрыцця гэтага знаку Генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжак зазначыў, што гэта вельмі важная падзея для нашай агульнай гісторыі, паколькі спадчына Міцкевіча належыць усяму свету, але ўсё пачыналася менавіта ў Навагрудку.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел навагрудчане, госці з іншых рэгіёнаў Беларусі і Польшчы.