Фото из открытых источников

У сельгаспрадпрыемстве “Міжэвічы” Слонімскага раёна работнікам нібыта прадавалі кароў для ўласных гаспадарак. Насамрэч, людзі не бачылі гэтых кароў наогул, а праз некаторы час да іх прыйшла міліцыя.

Былы трактарыст гаспадаркі Валеры Несцяровіч расказаў “Народнай Волі”, што яшчэ летась да яго звярнулася загадчыца фермы, каб ён падпісаў дакументы, што нібыта набыў у калгасе дзве каровы на патрэбы ўласнай гаспадаркі.

“Яна мне тады патлумачыла, што гэта справа фіктыўная, маўляў, цялята папрападалі і ёсць недахоп у статку, — згадвае спадар Несцяровіч. – Мне паабяцалі, што ніхто за іх грошай браць не будзе, а я зраблю добрую справу”.

Ужо сёлета да Несцяровіча прыйшлі прадстаўнікі праваахоўных органаў і, з яго слоў, запыталіся, каб той паказаў аж 18 кароў, якіх ён набыў для ўласнай гаспадаркі. Несцяровіч быў здзіўлены, а яму патлумачылі, што па факту знікнення кароў у гаспадарцы “Міжэвічы” узбуджана крымінальная справа.

“Я наагул тых кароў не бачыў у вочы, — прызнаецца Несцяровіч. – Я нават не ведаю, ці вылічвалі яны з мяне грошы, бо ў разлікоўках за месяц асобнага радку пра гэта не было, але заробкі складалі ўсяго па 350-360 рублёў. Карацей, падвялі мяне пад такую сітуацыю”.

Жыхарка Міжэвіч Данута Яўхута распавяла “Народнай Волі”, што падобным чынам нібыта прадалі сваім работнікам для ўласнай гаспадаркі аж каля 200 кароў – вялікі статак.

“Каму выпісалі дзве, каму чатыры каровы, а некаму і 18, — распавядае спадарыня. – А потым да мяне пачалі прыходзіць жанчыны і казаць, што нібыта з іх за тых кароў нават вылічваюць грошы. А я звярнулася ў Слонім да людзей, якія займаюцца праваабарончай дзейнасцю, бо мясцовыя тут баяцца сказаць начальству насуперак нават слова – усіх запалохваюць”.

Грамадскі актывіст са Слоніма Віктар Марчык пасля таго, як яму пра гэта расказала Яўхута, адразу накіраваўся да начальніка раённага Упраўлення па фінансавых расследаваннях і распавёў усю гэтую гісторыю.

На сёння вядома, што па фактах, якія мелі месца ў 2019 годзе ў гаспадарцы “Міжэвічы” узбуджана крымінальная справа па ч.2 артыкула 424 крымінальнага кодэксу РБ – злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Пакуль праводзяцца следчыя дзеянні, супрацоўнікі праваахоўных органаў каментароў не даюць.