Расійскія крэдыторы цягнуць “Гомсельмаш” у суд

134

Адкрытае акцыянернае таварыства “Гомсельмаш” за мінулы студзень стала фігурантам двух пазоваў, якія паступілі ў рэгіянальныя арбітражныя суды Расіі.

У Яраслаўлі буйны зыск “Гомсельмашу” выставіла публічнае акцыянернае таварыства”Аўтадызель” (Яраслаўскі маторны завод). Сума зыску – 98 310 987 расійскіх рублёў і 89 капеек, што адпавядае 1,53 мільёна долараў. Пазоўца заявіў, што такую суму камбайнабудаўнікі з Гомеля завінаваціліся яраслаўскім маторабудаўнікам за пастаўленыя тавары паводле дамовы №151-ДП/ЭЗК/13 ад 01.07.2013 года, а таксама за расходы на дзяржаўную пошліну.

Суддзя Арбітражнага суда Яраслаўскай вобласці Алена Авечкіна прызначыла папярэдняе разбіральніцтва па справе на 17 сакавіка а 9 гадзіне маскоўскага часу. У межах узаемадапамогі даручана Эканамічнаму суду Гомельскай вобласці арганізаваць перасылку і ўручэнне адказчыку судовага вызначэння.

Расійскія крэдыторы цягнуць “Гомсельмаш” у суд

Другі зыск ААТ “Гомсельмаш” на суму 62,9 тысячы рублёў паступіў у Арбітражны суд Уладзімірскай вобласці ад тамтэйшага прадпрымальніка Васіля Анісімава. Пазоў да 27 лютага пакінуты без руху, паколькі прадпрымальнік падаў суду дакументы на аплату дзяржпошліны без подпісу банка. Як толькі гэтая недакладнасць  будзе выпраўлена, Арбітражны суд пачне разгляд пазова.

За 2019 год расійскія крэдыторы 9 разоў звярталіся ў рэгіянальныя суды сваёй краіны, каб спагнаць даўгі за прадукцыю, пастаўленую ААТ “Гомсельмаш”. Гэта Свярдлоўскі  інструментальны, Каралёўскі трубны завод, а таксама вышэйзгаданае ПАТ “Аўтадызель” ды некаторыя іншыя.

У аб’яднанні “Гомсельмаша”, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што на пачатак бягучага года прадпрыемства завінавацілася расійскім партнёрам агулам 52 мільёны долараў, а тамтэйшыя спажыўцы былі вінны 169 мільёнаў долараў за адгрузку сельмашаўскай тэхнікі.

Фота аўтара


Няма запісаў для адлюстравання