Павел Севярынец. Фота: svaboda.org

Старшыня КХП–БНФ рэзкімі словамі раскрытыкаваў планы беларускай апазіцыі па абранні адзінага кандыдата.

«Такія спектаклі ставяцца ўжо 20 гадоў, з таго часу, калі нямецкая разведка ў асобе Ганса-Георга Віка (былы дырэктар Федэральнай разведвальнай службы і кіраўнік Кансультатыўнай назіральнай групы АБСЕ ў Мінску. – Аўт.) і КДБ стварылі ў Беларусі сваю так званую «дэмакратычную апазіцыю».

У гэтых асоб, якія сабраліся на «выбары» і якія тлумачаць свае паводзіны «праймерыз», абсалютна няма сораму. У той час калі грамадства наконт так званых
рэжымных «выбараў» ужо даўно разабралася», – заявіў Зянон Пазьняк.

Дасталася на арэхі і палітыку Паўлу Севярынцу, які таксама прэтэндуе на тое, каб стаць адзіным кандыдатам ад гэтай часткі дэмакратычных структур.

«Тое, што не было для мяне нечаканасцю, але ўсё роўна непрыемна, пацвердзілася, – гэта ўдзел Паўла Севярынца ў гэтай кампаніі, – працягнуў Зянон Станіслававіч. – За апошнія месяц-паўтара Севярынец выгадна (і заслужана) выйшаў наверх у пратэстным палітычным змаганні супраць аншлюсу і за незалежнасць Беларусі.

Замест таго каб замацаваць пазіцыі і смела весці наступальную палітыку на іншым узроўні, ён ізноў уваліўся туды, адкуль выйшаў, – у гнілую лахань «вікаўскай апазіцыі», якая падтрымлівае рэжымныя «выбары» і ўвекавечвае рэжым Лукашэнкі.

На гэтым – багна. Фініта. Будзе шмат кандыдатаў ад «апазіцыі». І гэта пры тым, што ніводнай асобы, якая магла б стаць альтэрнатывай рэжыму і «адзіным кандыдатам», у гэтай багне няма».

«Народная Воля» пацікавілася, як Павел СЕВЯРЫНЕЦ адрэагаваў на крытыку вядомага беларускага палітыка, які ўжо доўгі час знаходзіцца ў эміграцыі.

Па-першае, я з вялікай павагай стаўлюся да самога Зянона Пазьняка, яго ролі ў здабыцці незалежнасці і яго слоў, якімі б яны ні былі, – кажа сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». – Мне падаецца, што ў гэтай сітуацыі ён проста адрэагаваў на абвяшчэнне пра народнае галасаванне за адзінага.

Але на той час яшчэ не было тлумачэння маёй пазіцыі. А мая пазіцыя такая: мы ні ў якім разе не будзем падтанцоўваць уладам. У маіх планах – заклікі да яднання і змагання, пратэсты супраць фальсіфікацый падчас выбараў і ламанне гэтай сістэмы фальсіфікацый.

Гэта і ёсць сутнасць той кампаніі, якую я прапаноўваю. Гэта і ёсць тое змаганне, якое, на мой погляд, зараз патрэбна ўсёй Беларусі. Калі з дапамогай фальсіфікацый людзям не даюць свабодна выказацца падчас выбараў, то з гэтым трэба нешта рабіць, і я буду ў гэтым накірунку праводзіць актыўную кампанію.

Пытанне ў іншым: наколькі адгукнецца на мой заклік беларускі народ? Але ў нас будзе два з паловай месяцы, каб ездзіць па Беларусі, сустракацца з людзьмі і тлумачыць нашу пазіцыю. Думаю, што тут Зянон Пазьняк, як чалавек стратэгіі, убачыць разумнае зерне.

– Але Зянон Станіслававіч не бачыць ніводнай асобы, «якая магла б стаць альтэрнатывай рэжыму і «адзіным кандыдатам»…

– Справа не ў асобе. «Адзіны» – гэта не адзін. «Адзіны» – гэта дух адзінства. Гаворка ідзе пра еднасць, а таму зараз мы кажам пра супольную стратэгію і супольнае правядзенне кампаніі.

Сёння трэба пераключыцца са змагання ўнутры на змаганне з уладай. Таму і вырашылі, што не варта высвятляць свае пазіцыі па байкоце альбо ўдзеле ў выбарах, а замест гэтага лепш распрацаваць і пагадзіцца на стратэгію, якая сапраўды ламае ўладны сцэнарый. Мой падыход такі.

Як вы ацэньваеце свае шанцы на абранне адзіным?

– На народным галасаванні шанцы ў мяне добрыя. Гэта паказваюць апытанні і настроі людзей. Але думаю, што гэта звязана не з маёй асобай, бо ёсць нашмат лепшыя ў іміджавым сэнсе альтэрнатыўныя кандыдаты.

Гаворка ідзе не пра тое, што я добры ці прыгожы, а пра тое, што я збіраюся кінуць выклік усёй сістэме фальсіфікацый падчас выбараў. І збіраюся ўсімі сродкамі змагацца супраць гэтага. Таму многія людзі падтрымліваюць мяне.

Многія крытыкуюць працэдуру абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі…

– Мы пайшлі на гэту працэдуру, бо было патрэбна, каб яе падтрымала большасць партый. І ў пэўным сэнсе ахвяравалі пэўнымі выгодамі для сябе. Адзінства гэтага патрабуе, часам даводзіцца наступаць на горла ўласнай песні.

Але партыйцы – гэта таксама людзі. Іх настрой, наколькі я ведаю, таксама за змаганне, таму што яны ўжо паспрабавалі ўсё.

Акрамя таго, за 25 гадоў, я лічу, ніводнага сапраўды народнага галасання ў краіне
не было. А зараз абсалютна любы грамадзянін Беларусі можа паўдзельнічаць у нашай кампаніі…

***

Газета «Народная Воля» № 12 (4470) за 11 лютага