Гадоў дзесяць таму трапіўся мне на вочы тэлерэпартаж з Радашковічаў пра згарэлую там старую хату, дзе жыла сям’я Браніслава Тарашкевіча. Не адзін я тады пабедаваў, бо шмат што, як паведаміла журналістка, пайшло дымам у неба. На шчасце, той рэпартаж, зроблены, відавочна, як сенсацыйны, аказаўся не зусім праўдзівым. Хата дарэшты не згарэла, яе ўдалося аднавіць. І па сёння ў ёй жыве Ірына Ніжанкоўская, чыя маці была жонкай самага маладога ў гісторыі айчыннай навукі акадэміка Тарашкевіча, родны дзед – стваральнікам Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, а стрыечны дзед – першым рэдактарам «Нашай Нівы»…

Улічыўшы ўсё гэта, я вырашыў напрасіцца ў госці. І вось мы сядзім з гаспадыняй за сталом, п’ём гарбату і перабіраем старыя здымкі, на якіх я многіх пазнаю.

– Ірына Уладзіславаўна, у мяне такое адчуванне, быццам я знаходжуся ў музеі – у куце стаіць пісьмовы стол Браніслава Тарашкевіча, на сцяне вісіць дыван з міжваеннай Вільні, на камодзе – фотаздымак, на якім ваша мама з Тарашкевічам, маладыя і прыгожыя. Колькі ж гадоў вашай хаце?

– Гэтая хата сапраўды старасвецкая – ёй больш за 100 гадоў. Мая мама, Вера Ніжанкоўская, жыла ў Радашковічах з 1922 года, але часта бывала ў маёнтку Мігаўка, які належаў першаму рэдактару газеты «Наша Ніва» Аляксандру Уласаву. Ён даводзіўся маме родным дзядзькам. У 1920-я гады да яго часта прыязджалі беларусы з Вільні, бываў і Браніслаў Тарашкевіч – тагачасны дырэктар віленскай Беларускай гімназіі. Маме ён вельмі спадабаўся – дасціпны, разумны, спрытны. Мама з яго дапамогай пачала вывучаць лацінскую мову. Вывучала так, што ў 1923 годзе яны
пажаніліся. Мама была вельмі прыгожай.

– Гэта відно па фотаздымках. А яшчэ ж паходзіла з заможнай сям’і двараніна
Андрэя Сніткі. Ці Тарашкевіча пасаг не надта цікавіў?

– Пэўна ж, і пасаг для маладой сям’і быў нялішні, але я пра гэта нічога не ведаю. Вакол мамы вілося нямала кавалераў, а яна ўпадабала Тараса (так яго называла). Калі Тарашкевіча абралі ў польскі Сейм, маладыя паехалі ў Варшаву, дзе павянчаліся ў праваслаўнай царкве (мая бабка, матчына маці, была шчырай прыхільніцай праваслаўя). А Тарашкевіч быў католік! І таму, вярнуўшыся ў Вільню, яны пайшлі да ксяндза Адама Станкевіча і ўзялі шлюб у касцёле – для раўнавагі. Ксёндз Адам здзіўляўся, упершыню такую пару вянчаў.

– Неўзабаве ў тым незвычайным шлюбе, змацаваным царквой і касцёлам, нарадзіўся сын Радаслаў. Ці клапатлівым бацькам быў Тарашкевіч?

– Сына ён вельмі любіў. Але меў дзіўны метад выхавання: калі прыязджаў у Радашковічы з Варшавы ці Вільні, то спачатку не паказваў Славіку ніякіх гасцінцаў. Казаў: хачу ведаць, ці гэта ён мне радуецца, ці падарункам. А праз дзень-два ўжо даставаў свае гасцінцы. Тарашкевічаў сын з дзяцінства рос патрыётам. Калі яму споўнілася пяць гадоў, да бабкі нейкі паляк завітаў. Пабачыў Славіка, які насіўся па хаце, і пахваліў: «О, які хлопец-зух – бэндзе польскім генералам!» А малы спыніўся і сур’ёзна заявіў: «Не хачу быць польскім генералам, я – беларускі селянін». Шчаслівае сямейнае жыццё трывала нядоўга – у 1931 годзе Тарашкевіч чарговым разам трапіў у польскую турму, і праз два гады саветы абмянялі яго на Францішка Аляхновіча.

– А абмен дзе адбываўся?

– На мяжы ў Негарэлым. Мама паехала на той абмен, і Тарашкевіч толькі спытаўся, чаму Славіка не прывезла. Так ён больш і не пабачыў сына…

Поўны тэкст гутаркі Міхася Скоблы з Ірынай Ніжанкоўскай чытайце ў газеце «Народная Воля» за 11 лютага