Гомельскі гарвыканкам

Гомельскі гарвыканкам не дазволіў правесці пікет пратэсту супраць забароны мірных
сходаў. Пікет замаўляў на 9 лютага на адкрытай пляцоўцы каля ўнівермага грамадскі
актывіст Мікалай Пяшко.

“Ужо больш за дзесяцігоддзе гарвыканкам забараняе апазіцыйным актывістам
ладзіць якія б там ні былі мірныя акцыі. Замаўляючы пікет, я меўся звярнуць увагу на
гэтую акалічнасць і гараджан, і самога выканкама. Але атрымаў адмову”, – распавёў
Мікалай.

У лісце на імя замоўніка намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Атаманчук паведаміў, што той не ўказаў у заяве нумар свайго тэлефона і не згадаў пра меры
“забеспячэння грамадскага парадку”, якія, на думку чыноўніка, арганізатар мусеў
узяць на сябе. Папросту кажучы, заплаціць міліцыі за ахову грамадскага парадку. Калі
ў акцыі ўдзельнічае да 10 чалавек – 81 рубель, калі да сотні – 675 рублёў, звыш сотні – 4 тысячы 50 рублёў. Пяшко замаўляў пікет на 10 чалавек.

Апроч таго, гарвыканкам вызначыў толькі тры магчымыя месцы збору пратэстоўцаў – у лесапарках на ўскрайку горада, дзе рэдка сустрэнеш каго з мінакоў.

“Мне зараз, – кажа Мікалай Пяшко, – нічога не застаецца, як звярнуцца ў суд і там
адстойваць сваё права на мірны сход, прычым не на ўскрайку, а ў цэнтры горада, дзе
пікетоўцаў будуць бачыць людзі”.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае актывісту рыхтаваць заявы, звяртае ўвагу на тое, што калі ўлада і абмяжоўвае права чалавека на мірны сход у інтарэсах грамадскага парадку, то мусіць спрыяць ажыццяўленню гэтага права, а не празмерна яго абмяжоўваць.

Праваабаронца нагадвае таксама пра жорсткія меры пакарання за несанкцыянаваныя
масавыя мерапрыемствы. Гэта і вялізныя штрафы і нават адміністрацыйны арышт. Той
жа Мікалай Пяшко за ўдзел у “Маршы недармаедаў” у свой час адседзеў 7 сутак
арышту, а за правядзенне акцыі супраць смяротнага пакарання – аштрафаваны праз
суд на 20 базавых велічынь.