Святлана Алексіевіч / Еўрарадыё

«І апазіцыі, і ўладзе не падабаецца ўласны народ», — такое меркаванне нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч выказала ў гутарцы з карэспандэнткай Радыё «Свабода», перадае Еўрарадыё.

Пры гэтым, кажа пісьменніца, народ адразу знаходзіцца, калі ўладзе або апазіцыі ўдаецца нешта дакладна сфармуляваць. «Значыць, справа ў тым, што ўсе шукаюць новыя сэнсы», — канстатуе яна.

Пра магчымыя палітычныя змены ў Беларусі Алексіевіч кажа, што хацела б, каб абышлося без рэвалюцыі і грамадзянскай вайны: «Мне не падабаецца аніводная рэвалюцыя, якая была ў гісторыі. Але любая ўлада, пабудаваная на культуры гвалту, па логіцы гэтым і сканчаецца».

Нечакана набеліянтка падтрымала Аляксандра Лукашэнку ў сённяшняй палітычнай сітуацыі: «Я не ведаю, хто б мог супраціўляцца Маскве так, як супраціўляецца Лукашэнка. Такіх моцных лідараў я не знаходжу. Гэта не азначае, што я за Лукашэнку, але супалі нашы інтарэсы і ягоныя інтарэсы. Гэта сумна, але гэта так».

Разам з тым Алексіевіч падкрэслівае, што выступае за дэмакратычную дзяржаву. Аднак узяць на сябе ролю палітычнага лідара яна не гатовая: «Як інтэлектуал я ўяўляю, што трэба рабіць, але ніколі не змагла б стаць палітычным лідарам, бо я не магла б ахвяраваць жыццём аніводнага чалавека, аніводнага дзіцяці. А цяперашнія сыстэмы пабудаваныя на тым, што нават дзіця нічога ня вартае, якая там слязінка».

Яна заклікае не вінаваціць выключна Расію ў палітычных праблемах Беларусі, бо гэта нагадвае пазіцыю дзіцяці, якое азіраецца на бацькоў нават пасля таго, як вырасла.

«Гэта палітычнае самаапраўданне. Ані ў апазіцыі, ані ва ўладзе не засталося моцных фігур, якія б вырашалі праблемы ці прымушалі ўладу іх вырашаць. Колькі можна прадаваць нашае геамесца? Мы толькі гэтым і займаемся, мы самі вінаватыя ў тым, што ёсць», — канстатуе пісьменніца.