Лоеўска-Брагінскае вадасховішча.Фота з адкрытых крыніц.

У Лоеўскім раёне на Гомельшчыне адновяць Днепра-Брагінскае вадасховішча, якое не выкарыстоўвалася як штучная ірыгацыйная сістэма з 2015 года. Распараджэнне  аблвыканкама на гэты конт атрымала дзяржаўнае аб’яднанне “Гомельмеліавадгас”,  удакладніў яго генеральны дырэктар Васіль Бруневіч.

31 студзеня “Народная Воля” ў публікацыі “Каб Палессе не ператварылася ў Сахару” паведаміла пра ініцыятыву грамадскага актывіста з Лоева Мікалая Анісаўца, які  на электронным сервісе рetitions.by сабраў багата подпісаў пад зваротам да прэм’ер- міністра Беларусі Сяргея Румаса – “Спыніць высушванне Палесся”. У звароце, у прыватнасці, адзначалася, што Палескі рэгіён з прычыны недахопу вады фактычна патрапіў зараз у зону экалагічнага бедства. Ідзе “сахарызацыя” Палесся. Сельская гаспадарка ў рэгіёне з прычыны недахопу вільгаці апынулася ў крызісным стане.

Паводле інфармацыі рэгіянальнага АПК, летась з прычыны засушлівага лета, перападаў тэмпературы і моцнага ветру на Гомельшчыне загінула 4,5 адсотка пасеваў, дзесятая частка – пашкоджана.

Ці паўплываў грамадскі збор подпісаў пад зваротам да прэм’ер-міністра на рашэнне гомельскіх уладаў пра аднаўленне Днепра-Брагінскага вадасховішча, дакладна невядома. Аднак вядома з інфармацыйных паведамленняў, што па даручэнні ўрада Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі выпрацоўвае комплекс захадаў дзеля паляпшэння гідралагічнай сітуацыі ў Гомельскай вобласці. Гаворка ідзе пра абвадненне тэрыторый і аргалесаўзнаўленне. Стварэнне буйных вадасховішчаў і гаспадарлівае выкарыстанне меліярацыйных сістэм, адзначаюць навукоўцы, можа падвысіць колькасць ападкаў вясною да 10, летам – да 8 адсоткаў.

Днепра-Брагінскае вадасховішча ў комплексе гідралагічнага рэгулявання займае важнае месца. Плошча яго воднага люстэрка – 968 гектараў.

Запаўняць вадасховішча меліяратары збіраюцца падчас веснавога пад’ёма вады ў рацэ Днепр праз існуючы адмысловы канал, даўжынёй 3,4 кіламетра. Спатрэбіцца амаль 43 мільёны кубаметраў вады і 3 мільёны кілават-гадзін электраэнергіі на працу помпавай станцыі.

Напаўняць сховішча вадою спецыялісты “Гомельмеліаводгаса” вырашылі ў начныя гадзіны, калі дзейнічаюць зніжкі на электраэнергію.

Фінансаванне праекта прадугледжана падпраграмай “Захаванне і выкарыстанне меліярацыйных зямель” Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнэсу ў Беларусі на 2016-2020 гады.

Апроч таго, у рэгіёне вяртаюцца да тэмы забалочвання альбо абваднення зямель, у прыватнасці, выпрацаваных 6 тысяч гектараў тарфянікаў у Калінкавіцкім і Хойніцкім раёнах.