Умацаванне сцяны Старога замка зроблена з парушэннямі –будуць вяртаць грошы…

67

Галоўны спецыяліст камітэта Дзяржкантроля па Гродзенскай вобласці Мікалай Куц заявіў, што арганізацыя, якая была задзейнічана на працах па ўмацаванні сцяны Старога замка ў Гродне, выканала іх няправільна – яны не адпавядаюць праектным патрабаванням, параметрам, а таму ёй давядзецца вярнуць грошы – больш за 200 тысяч рублёў. Аб гэтым паведаміла гарадское тэлебачанне.

Гэты факт парушэння рэалізацыі Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы галоўны спецыяліст Дзяржкантроля назваў абуральным. Паводле яго, для правядзення работ па ўмацаванні сцяны Старога замка ўпраўленнем капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама быў прыцягнуты старонні субпадрадчык.

Зараз, паводле слоў Мікалая Куца, вядуцца судовыя разбіральніцтвы, але ён і цяпер упэўнены, што больш 200 тысяч рублёў адказчыку давядзецца вярнуць.

Падчас праверкі Дзяржкантролем упраўлення капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама на прадмет рэалізацыі Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на Гродзеншчыне была выяўлена сума завышэння ў памеры 280 тысяч рублёў, да таго генпадрадчык вымушаны быў заплаціць 71 тысячу індэксацыі за неадпрацаваныя авансы.

Найбольшая колькасць парушэнняў у рэалізацыі Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы выяўлена на будаўніцтве ў Астраўцы. Паводле слоў галоўнага спецыяліста Дзяржкантроля, у горадзе не ўведзены ў тэрмін адразу некалькі аб’ектаў, сярод якіх – шматфункцыянальны спартыўны комплекс. Есць пытанні ў Дзяржкантроля і да якасці выканання будаўнічых работ у Астравецкай бальніцы.

Поделиться ссылкой: