Фото с сайта reform.by

Курыльшчыкаў правераць на камп’ютарным тамографе.

У межах пілотнага праекта па скрынінгу рака лёгкіх гродзенскія медыкі плануюць абследаваць на камп’ютарным тамографе прыкладна тысячу мужчын ва ўзросце ад 50 да 70 гадоў, якія кураць на працягу 20 гадоў і ў дзень выкурваюць больш за пачак цыгарэт. Нагодай для такой акцыі стала павелічэнне ў рэгіёне колькасці анкахворых.

У кожнай паліклініцы складаюцца спісы патэнцыяльных удзельнікаў эксперыменту, якіх запросяць прайсці праверку на камп’ютарным тамографе.

Аб гэтым “Народнай Волі” распавёў намеснік галоўнага ўрача Гродзенскай універсітэцкай клінікі Уладзімір Кеда:

– Мы рыхтуем пакуль толькі пілотны праект, які накіраваны на
выяўленне анказахворванняў на самым пачатковым этапе. Для ўдзелу ў ім абралі курыльшчыкаў са стажам у адпаведным узросце, паколькі яны знаходзяцца ў зоне найбольшай рызыкі. На жаль, мы не можам правесці больш масавае абследаванне, але, калі эксперымент дасць станоўчыя вынікі, ён будзе працягвацца. Тым больш што камп’ютарныя тамографы з часам з’явяцца і ў іншых лячэбных установах Гродна, а таксама ў некаторых раённых цэнтрах.

Лічбу ў тысячу чалавек абралі ўмоўна: у дзень плануецца абследаваць каля чатырох чалавек, а на год прыпадае прыкладна 250 працоўных дзён.

Паводле статыстыкі, агучанай гродзенскімі медыкамі, у кожнага 30-га жыхара вобласці дыягнастуюць рак. Вядома, што зараз на ўліку ў вобласці знаходзіцца 34,5 тысячы хворых на анкалогію, а яшчэ ў 1967 годзе гэта лічба складала 2,5 тысячы пацыентаў.

Гродна, дарэчы, адзіны абласны горад, у якім пакуль няма спецыялізаванай анкалагічнай установы. Толькі летась распачата будаўніцтва сучаснага анкадыспансера.