
Беларускі праваабаронца распавёў “Народнай Волі” пра свае ўражанні ад сустрэчы
з дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампеа.
Як вядома, дзяржсакратар ЗША падчас візіту ў Мінск сустракаўся не толькі з вышэйшым беларускім кіраўніцтвам, але і з прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадскасці.
На сустрэчы з высокім амерыканскім чыноўнікам прысутнічалі Сяргей
Драздоўскі з Офіса па правах людзей з інваліднасцю, старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы” Алена Анісім, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак і кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
– Майк Пампеа хацеў наведацца ў Беларусь месяц таму, і мяне яшчэ тады запрасілі з Пасольства ЗША на сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША, – кажа Алесь БЯЛЯЦКІ. – Праўда, як вядома, візіт быў перанесены. І, шчыра кажучы, я нават не ведаў, хто быў яшчэ запрошаны, даведаўся пра гэта толькі ў пасольстве ЗША.
– Вы зараней абмяркоўвалі тэмы для гутаркі?
– Паміж сабой мы пра гэта, безумоўна, пагаварылі, бо сустрэча была абмежавана
30 хвілінамі. Калі ўлічваць, што патрэбны быў час і на пераклад, то чатыром чалавекам неабходна было ўкласціся ў 15 хвілін. Кожны меў магчымасць на выступленне па 3–4 хвіліны, і за гэты час тэзісна трэба было сказаць самае галоўнае, што мы хацелі данесці да дзяржсакратара ЗША. І важна было не паўтарацца.
– Пра што ішла размова?
– Найперш – пытанне незалежнасці Беларусі, і гэтую тэму закраналі ўсе запрошаныя. Для нас гэта надзвычай важна, бо, маючы незалежную краіну, мы, адпаведна, і далей можам некуды ісці – будаваць планы па стварэнні дэмакратычнай краіны, па правах чалавека і гэтак далей.
У той жа час мы казалі, што асаблівага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбываецца. І для мяне зразумела, што заява Пампеа на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, што сітуацыя ў гэтым накірунку ўсё-такі мае пазітыўныя зрухі – гэта своеасаблівы рэверанс у бок беларускага ўрада.
Дарэчы, калі дзяржсакратар ЗША каментаваў нашы кароткія выступленні, ён сказаў, што фактычна ўсё, пра што мы яму казалі, ён ужо абмяркоўваў з беларускім
кіраўніком і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Значыць, яго памочнікі ўжо падрыхтавалі да сустрэчы па асноўных праблемах, якія ёсць у нашай краіне. Гэтыя праблемы звязаны з вельмі моцным абмежаваннем грамадска-палітычных правоў, з адсутнасцю свабодных выбараў, пераследам людзей за масавыя сходы, а таксама журналістаў і блогераў.
– Майк Пампеа задаваў вам нейкія пытанні?
– Не, былі толькі яго каментарыі нашых выступленняў, таму паўгадзіны адпрацавалі, можна сказаць, на адной хвалі.
Увогуле, гэту сустрэчу я ацэньваю як ясны сігнал з боку ЗША аб салідарнасці з
грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Гэты сігнал яны адначасова паслалі і нам, і беларускім уладам.
***
Газета “Народная Воля” № 11 (4469)