На 104-м годзе жыцця памёр амерыканскі актор Кірк Дуглас — прадстаўнік «залатой эры» галівудскага кіно.

«Для ўсяго свету мой бацька быў легендай, акцёрам з залатога веку кінематографа, гуманістам, чыя прыхільнасць ідэям справядлівасці павінна быць прыкладам для ўсіх нас», — цытуе РБК словы яго сына Майкла Дугласа, таксама вядомага кінаактора, перадае Еўрарадыё.

Кірк Дуглас нарадзіўся ў 1916 годзе ў Нью-Ёрку. Яго бацькі эмігравалі ў Амерыку з беларускіх Чавусаў, дзе яны насілі прозвішча Даніеловічы-Дэмскія. Акторскую кар’еру Дуглас пачаў пасля Другой Сусветнай вайны. А ўжо праз некалькі гадоў быў двойчы намінаваны на «Оскар» — спярша за ролю ў фільме «Чэмпіён», потым за ролю ў стужцы «Злыя і прыгожыя». Аднак самую прэстыжную акторскую ўзнагароду Кірк Дуглас атрымаў толькі адзін раз — у 1996 годзе, за 50-гадовы ўнёсак у развіццё кінематографу.

Сярод яго самых вядомых фільмаў — «Спартак» (ён сыграў загалоўную ролю), «Сем дзён у траўні», «Прага жыцця».

Памёр актор Кірк Дуглас, які нарадзіўся ў сям'і эмігрантаў з Беларусі
Зорка ў гонар Кірка Дугласа / Reuters