5 лютага на 83-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі тэатральны рэжысёр Барыс Луцэнка. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага.

Сваё апошняе інтэрв’ю выбітны рэжысёр даў менавіта «Народнай Волі».

Барыс Луцэнка нарадзіўся ў Майкопе ў 1937 годзе. У 1967-м скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў рэжысёрам Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, галоўным рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, галоўным рэжысёрам Тэатра-студыі кінаакцёра. З 2008 года быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам тэатра імя М.Горкага.

На сцэнах Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Швейцарыіі, Германіі Луцэнка паставіў больш за 100 спектакляў. Найлепшымі яго пастаноўкамі ў Рускім тэатры лічаацца «Макбет» і «Гамлет», у Берліне — «Рэвізор». На кінастудыі «Беларусьфільм» зняў фільм «Раскіданае гняздо».

Барыс Луцэнка — заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, народны артыст Беларусі, лаўрэат прэміі прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Ён таксама акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра.

Развітанне з Барысам Луцэнкам адбудзецца ў пятніцу, 7 лютага, у тэатры імя Горкага.