Беларусь гатова ў бліжэйшы час адправіць пасла ў ЗША (на працягу некалькіх месяцаў). Пра гэта ў адказы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Паводле яго слоў, ужо ёсць кандыдатуры, якія ўзгадняюцца, але прозвішчаў ён не назваў. Як вядома, канчатковае рашэнне прыме Аляксандр Лукашэнка.

Напярэдадні стала вядома, што амбасадарам ЗША ў Беларусі Белы дом можа прызначыць «ветэрана дыпламатыі» Джулі Фішар. Афіцыйнага запыту ў МЗС Беларусі яшчэ не маюць.

У аўторак Лукашэнка заявіў, што «перыяд холаду» ў дачыненнях з ЗША скончыўся.

Амбасадары былі адкліканы пасля таго, як вясной 2008 года ЗША ўвялі санкцыі супраць «Белнафтахіма». Гэта была рэакцыя на парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне. Улады Беларусі адклікалі свайго пасла і прапанавалі з’ехаць амбасадару Злучаных Штатаў. Штат амерыканскай амбасады ў Мінску скарацілі з 35 да 5 чалавек, ад таго часу дыпламатычнае прадстаўніцтва ачольвае часовы павераны. Пацяпленне адносін паміж Мінскам і Вашынгтонам адбылося ў 2014 годзе. Нядаўна Беларусь наведаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Ён пазітыўна ацаніў свой візіт у нашу краіну.