Фота з адкрытых крыніц

Адмысловыя міжведамасныя камісіі праверылі ўсе 527 школ Гомельскай вобласці. У 523 з іх (99,2 адсотка) выяўлены парушэнні тэхнічнага і санітарнага стану, пажарнай і дарожна-транспартнай бяспекі, а таксама ўтрымання прышкольных тэрыторый і спартыўных пляцовак. Пра гэта паведаміў рэгіянальны Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Адзначалася, што больш як у 83 адсотках школ рэгіёна наагул не праводзіліся даследаванні будаўнічых канструкцый спецыялізаванымі арганізацыямі, хоць гэта патрэбна рабіць не радзей аднаго разу на 5 гадоў. Больш таго, у Ельскім, Лельчыцкім, Акцябрскім і Петрыкаўскім раёнах, ва ўсіх чатырох раёнах абласнога цэнтра не выконваюцца рэкамендацыі спецыялістаў наконт рамонту школьных будынкаў.

У 10 агульнаадукацыйных школах Жыткавіцкага, Буда-Кашалёўскага, Лельчыцкага ды некаторых іншых раёнаў на час праверкі была няспраўная аўтаматычная пажарная сігналізацыя, шмат дзе бракавала сродкаў пажаратушэння.

Практычна ва ўсіх раёнах існуюць памяшканні, якія не адпавядаюць санітарным нормам і правілам.

Камітэт дзяржкантролю звярнуў увагу, што за апошнія чатыры гады на капітальны і бягучы рамонты выдзялілася толькі 1,2 адсотка сродкаў ад агульнага бюджэтнага фінансавання ўстаноў адукацыі.

Гомельскім абласному, гарадскому і раённым выканкамам прапанавана прывесці школы ў належны тэхнічны і санітарна-гігіенічны стан, а таксама прыцягнуць да адказнасці віноўных асоб, якія не забяспечылі належны парадак своечасова.