Прэс-служба УВД Гродзенскага аблвыканкама паведаміла, што знойдзена зніклая два тыдні таму Наталля Цішанава, маці дваіх непаўнагадовых дзяцей.

Пра яе паведамлялася, што ўвечары каля 19-й гадзіны яна патэлефанавала мужу дамоў і сказала, што затрымліваецца на працы. Пасля гэтага на сувязь не выходзіла. Ніякай іншай інфармацыі, акрамя таго ў чым была апранута, не паведамлялася.

Кіраўнік прэс-службы УВД Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко ўдакладніў для “Народнай Волі”, што жанчыну знайшлі сёння ўначы ў адной з вёсак Гродзенскага раёна супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС. У якой канкрэтна вёсцы, міліцыянер сказаць адмовіўся.

Паводле Дудко, прычына знікнення жанчыны – асабістая, а таму, маўляў, разгалошваць яе не маю права. Жанчыну адразу адвезлі дадому да яе бацькоў. Дудко таксама паведаміў, што яе здароўю нічога не пагражае. Міліцыянер таксама расказаў, што яна не знаходзілася на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры.