Прыватны бізнэс-самалёт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ «ня мае ніякага дачыненьня да прэзыдэнта». Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант.

Паводле тэлеграм-канала Nexta, у Лукашэнкі зьявіўся прыватны бізнэс-джэт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ. Са спасылкай на крыніцы ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» NEXTA сьцьвярджае, што новы самалёт упершыню прыбыў у Мінск яшчэ ў другой палове верасьня. Самалёт купіла прыватная аўстрыйская кампанія і перагнала яго ў Менск.

Свой пакуль адзіны рэйс гэты самалёт з колерамі дзяржаўнага сьцяга зрабіў у Варшаву. Кошт бізнэс-самалёта, паводле каталёга, складае $61,5 млн, піша тэлеграм-канал.

«Ні асабістых, ні прыватных самалётаў у прэзыдэнта Беларусі ніколі не было, няма і цяпер. І, хутчэй за ўсё, ня будзе — зыходзячы з той цаны, якую вы назвалі», — сказала Натальля Эйсмант.

Колькі ж самалётаў налічваецца ў авіяцыйным парку Аляксандра Лукашэнкі?

«Што тычыцца дзяржаўнага самалёта, якім цяпер карыстаецца падчас замежных візытаў кіраўнік дзяржавы, магу вас паінфармаваць: ён даўно выпрацаваў свой рэсурс, тэрміны эксплюатацыі выйшлі. І сёньня якраз стаіць пытаньне, дзе знайсьці сродкі на набыцьцё новага дзяржаўнага самалёта. Але грошай на гэтыя мэты пакуль няма, хоць і прапановы ад авіякампаній паступалі.

І, дарэчы, яшчэ пра самалёт, які цяпер выкарыстоўваецца. Нагадаю, што на момант куплі ён ужо быў „былым у эксплюатацыі“. Яго куплялі ў прэзыдэнта Туркмэністана за паўцаны», — сказала Натальля Эйсмант.

У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта карэспандэнту Свабоды сказалі, што ня маюць інфармацыі пра самалёт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ і параілі зьвярнуцца ў прэзыдэнцкую прэс-службу.

На чым лятаў Лукашэнка?

Самалёт, якім карыстаецца Лукашэнка ў замежных паездках, — Воeing 767, куплены ў Туркмэністане 7 гадоў таму. Ён належаў былому прэзыдэнту гэтай краіны Сапармурату Ніязаву. Гэтай машыне ўжо 14 гадоў.

А вось верталёту, якім дагэтуль Аляксандар Лукашэнка карыстаўся найчасьцей, ужо 23 гады — гэта верталёт Мі-172 (мадэрнізаваны Мі-8АМТ) з бартавым нумарам EW-002DA. Гэты верталёт быў адмыслова выраблены на Казанскім верталётным заводзе (Расея), 20 гадоў таму ягоны кошт быў каля 4 мільёнаў даляраў.

Шукаюць грошы на новы самалёт. Прэс-сакратар Лукашэнкі пра ягоны авіяпаркТаксама Аляксандар Лукашэнка падчас свайго кіраваньня карыстаўся верталётам Мі-8 з бартавым нумарам EW-001DA і Мі-8 з бартавым нумарам EW-25049. Дарэчы, калі італьянскі верталёт AW139 пройдзе рэгістрацыю, ягоны нумар таксама будзе пачынацца на EW — гэта авіяцыйны код Беларусі.

Да самалёта Boeing 767 Аляксандар Лукашэнка карыстаўся больш сьціплай мадэльлю — Boeing 737, а яшчэ раней — савецкім самалётам Ту-154 у VIP-кампаноўцы, які быў куплены новым у 1995 годзе. Гэты самалёт выстаўлялі на продаж.