Фота https://krynica.info

30 студзеня, праз дзевяць дзён пасля канфлікту ў гімназіі № 71 Гомеля, Міністэрства адукацыі на сваім сайце выказалася пра недапушчальнасць неадэкватнай рэакцыі педагога на паводзіны навучэнца, “незалежна ад сукупнасці абставінаў”.

Інцыдэнт у гімназіі здарыўся яшчэ 21 студзеня. На ўроку матэматыкі настаўніца пачатковых класаў, якая мела званне “Настаўнік года-2017”, моцна тузанула трэцякласніцу за вуха. Дзяўчынка звярталася да медыкаў па дапамогу, а яе бацькі напісалі заяву ў міліцыю пра траўмаванне дачкі.
Савецкі РАУС Гомеля ў звязку з інцыдэнтам праводзіць праверку.

Міністэрства праз свой прэс-цэнтр запэўнівае, што неаднаразова нагадвала
пра недапушчальнасьць праяў агрэсіі альбо гвалту ў дачыненні да
непаўналетніх.

У паведамленні, у прыватнасці, сказана: “З нагоды таго, што адбылося ў
ДУА “Гімназія № 71 г. Гомеля”, цяпер праводзіцца ўнутранае расследаванне,
па выніках якога будуць прынятыя адпаведныя кіраўнічыя рашэнні”.

Абавязкі педагогаў, нагадвае ведамства, прапісаны ў Кодэксе Рэспублікі
Беларусь аб адукацыі (артыкул 53). Настаўнік абавязаны захоўваць
прававыя, маральныя і этычныя нормы. Таму любы гвалт (фізічны ў выглядзе
“падзатыльніка” ці псіхалагічны ў форме нецэнзурных выказванняў) з
пазіцыі педагога недапушчальны.

Выпадак у гомназіі №71 не першы у агульнаадукацыйных установах горада,
які стаў вядомы шырокай грамадскасці. Летась канфлікт у сярэдняй школе
№15 паміж настаўніцай і чацвёртакласнікам выйшаў на дзяржаўны ўзровень.

Настаўніца, замахнуўшыся на вучня столікам-канторкай, выдала ў гневе такі
педагагічны вердыкт: “Тресну, а потом посмотрим! Я пойду в тюрму, а
табе п***ец будет”. Настаўніцу звольнілі, а пасля на патрабаванне
Аляксандра Лукашэнкі вярнулі назад у школу. Пасадаў пазбавіліся дырэктар
школы і некалькі чыноўнікаў ад адукацыі.