Ілюстрацыйнае фота

На працягу 2019 года органы пракуратуры Гомельскай вобласці падалі ў суды 110 пазоваў на агульную суму 180 тысяч рублёў, каб кампенсаваць шкоду ад падзяжу і недахопу буйной рагатай жывёлы ў сельгасгаспадарках. Адказчыкамі ў залежнасці ад абставін названы кіраўнікі гаспадарак, брыгадзіры ды іншыя працаўнікі аграпрамысловага камплекса рэгіёна. Пра гэта паведаміла 29 студзеня прэсавая служба абласной пракуратуры.

У Акцябрскім раёне на адной з малочна-таварных ферм загубілі 16 галоў ад вострай тымпаніі рубца. Прычына – неналежнае кармленне. Па-іншаму кажучы, як тлумачаць ветспецыялісты, каровы памерлі ад уздуцця рубца, адной з камер страўніка, ад кіслых кармоў, якія хутка забрадзілі, утварыўшы ў арганізме вялікую колькасць газаў.

Ад падзяжу жывёлы гаспадарка панесла страты ў памеры 23,6 тысячы рублёў. Кіраўнік гаспадаркі на падставе пазову раённага пракурора праз суд абавязаны сплаціць 9 тысяч рублёў шкоды, брыгадзір – 3, вартаўнік – 1 тысячу рублёў.

У Жлобінскім раёне судом устаноўлена, што загадчыца фермы і галоўны ветэрынарны лекар КСУП наўмысна ўносілі ў справаздачы аб прывагах і перамяшчэнні жывёлы ілжывыя звесткі. Падчас праверкі не аказалася 31 цяляці, з якіх 26 галоў нібыта рэалізавалі працаўнікам гаспадаркі. З абоіх віноўных спецыялістаў салідарна вылічылі 3,4 тысячы рублёў.

Чатыры галавы буйной рагатай жывёлы не далічыліся з-за нападу ваўкоў у гаспадарцы Хойніцкага раёна. З кіраўніка гаспадаркі і брыгадзіра спагнана за шкоду адпаведна 1150 і 800 рублёў.

За год пракуроры раёнаў Гомельскай вобласці зрабілі 95 прадстаўленняў, унеслі 122 прадпісанні, аб’явілі 10 афіцыйных папярэджанняў. На патрабаванні пракуратуры 33 адказныя супрацоўнікі арганізацый АПК прыцягнуты да адміністрацыйнай, 271 – дысцыплінарнай, 108 – матэрыяльнай адказнасці на суму 20,3 тысячы рублёў.

Беларускія СМІ паведамілі, што 28 студзеня падчас нарады па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў краіне агулам загублена 92 тысячы галоў жывёлы з-за ўтрымання і кармлення.