Шэсць знічаў запалены ў гонар ахвяр Халакосту

27 студзеня ў Гродне адзначылі Дзень памяці ахвяр Халакосту. Асноўныя мерапрыемствы адбыліся ў Харальнай сінагозе.

Мерапрыемствы ў Гродне пачаліся роўна а 19-й гадзіне з малітвы. Менавіта ў гэты час на тэрыторыі былога лагера смерці Аўшвіц распачаліся захады ў памяць аб вызваленні канцлагера Чырвонай арміяй 75 гадоў таму.

“Гродна разам з усім светам трымае эстафету памяці, каб заставацца часткай міжнароднага грамадства, — падкрэсліў падчас мерапрыемства дырэктар асацыяцыі іўдзейска- хрысціянскага дыялогу “Шомер Інтэрнэшэнал” Яўген Калодзін. – Мэта нашай акцыі – пераказаць усё, што было, для моладзі, якая тут прысутнічае, з тым, каб больш такое не паўтарылася”.

Цэнтральным момантам мерапрыемства стала нагадванне пра акцыю “Спыні гэтую гісторыю”, якая адбываецца ва ўсім свеце з тым, каб спыніць у свеце антысеміцкія выпады. Да прысутных з заклікам спыніць гэтую гісторыю звяртаўся былы вязень “Аўшвіца”, праваслаўны, лютэранскі і грэка- каталіцкі святары, прадстаўнікі консульстваў Польшчы і Літвы ў Гродне.

Акторы тэатра “Гексаген” у гэты вечар прайшлі па цэнтральных вуліцах горада маўклівым перформенсам пераапранутыя ў адзенне з нашытымі іўдзейскімі зоркамі дакладна так, як гэта было напачатку 40-х гадоў у Гродне.

 

Спыні гэтую гісторыю
Акторы тэатра “Гексаген”

Спыні гэтую гісторыю

“Мы ішлі толькі пасярод вуліцы, адзін за адным, моўчкі, не падымаючы галоў, так як гэта было ў Гродзенскім гета ў часы таго самага Халакоста, — заявіў кіраўнік тэатра “Гексаген” Васіль Калач. – Мы прыйшлі сюды таму, што нам не ўсё роўна, бо гэта гісторыя таксама нашага горада нягледзячы на тое, што мы самі не яўрэі. Халакост закрануў не толькі яўрэяў, але і беларусаў, палякаў, усіх, хто жыў тады ў нашым горадзе”.

Старшыня савета Іудзейскага рэлігійнага таварыства Барыс Квяткоўскі зазначыў для “Народнай Волі”, што ўжо некалькі дзён знаходзіцца пад уражаннямі мерапрыемстваў памяці халакосту, якія ў свеце адбываюцца ўжо некалькі дзён.

Спыні гэтую гісторыю
Старшыня савета Іудзейскага рэлігійнага таварыства Барыс Квяткоўскі

Я ўдзячны лёсу, што памяць жывая, бо мой тата прайшоў усе колы аду і ў Гродзенскім гета і ў Асвенцыме і выжыў – і даў жыццё мне, — кажа Квяткоўскі. – А з іншага боку я не ўяўляю ці змагу ўвайсці цяпер у музей Аўшвіц. Праўда, мяне цешыць тое, што ў свеце людзі шырока згадваюць Халакост і гэта дае веру ў тое, што такое больш не можа паўтарыцца”.

У Харальнай сінагозе ў гэты вечар адбыўся канцэрт з удзелам аркестра «Nota Band» пад кіраўніцтвам Генадзя Левіна.

Спыні гэтую гісторыю
Гродзенская Харальная сінагога