Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйных дадзеных пра гэта няма, але я ведаю нямала людзей, якія не толькі ў летнія месяцы, але і зімой туляцца на дачы.

«Мы з вёскі, і для нас гэта нармальна…»

Пенсіянерка Валянціна Пятроўна распавядае, што яны з мужам перасяліліся з Гродна
на дачу яшчэ 15 гадоў таму. Зрабілі гэта па сваёй волі, іх ніхто не прымушаў. Прычынай было тое, што ўнучка выйшла замуж, а грошай на кватэру не ставала.

– Мы з мужам абодва з вёскі, і нам больш падабалася тут жыць, чым у горадзе. Тут мы заўсёды лепей сябе адчувалі, – распавядае жанчына. – Ужо пяць гадоў пасля смерці мужа я жыву адна. У мяне ёсць куры, сабачка. У горад не хачу. Я тут сама гаспадыня і, як магу, так і зраблю.

Домік у Валянціны Пятроўны невялікі, пабудаваны 30 гадоў таму, але вельмі ахайны і ўтульны. На ўмовы гаспадыня таксама не скардзіцца. Маўляў, электрычнасць ёсць, вада прыгодная для піцця ў калонцы цэлы год. Прыбіральня на вуліцы, але да гэтага прызвычаена з дзяцінства.

– Я тут плачу падатак раз на год каля 20 рублёў, узнос раз на год для таварыства прыкладна 60 рублёў і за электрычнасць каля 25 рублёў у месяц. Яшчэ дзеці балон газавы прывозяць, так што бяды няма, – кажа Валянціна Пятроўна. – Калі б жыла ў горадзе і з адной пенсіі трэба было б аплаціць кватэру – больш за сто рублёў, то што заставалася б на жыццё? А тут мне больш-менш хапае на тое, каб пражыць.

Жанчына распавядае, што яе адзінокая суседка па гарадской кватэры таксама круглы год жыве на лецішчы на другім канцы Гродна, на возеры Юбілейным. Маўляў, у яе вельмі малая пенсія – 270 рублёў, але дзякуючы таму, што здае кватэру, можа нармальна харчавацца.

У доме цёпла, гаспадыня кажа, што раней муж сам нарыхтоўваў дровы для печкі, а цяпер даводзіцца купляць розныя абрэзкі – сёлета за машыну заплаціла 220 рублёў, затое надоўга хопіць.

«Галоўнае, каб дзяржава не чапала…»

За харчамі Валянціна Пятроўна ездзіць у гарадскую краму. Лецішча знаходзіцца літаральна ў мяжы горада – да прыпынку тралейбуса прайсці ўсяго кіламетр. Дарэчы, у таварыстве «ХімікАзот» налічваецца каля тысячы домікаў, праўда, часткова іх пачалі зносіць пад гарадскія і заводскія камунікацыі.

Участак на лецішчы невялікі, вясной засаджваецца ўсім, чым толькі магчыма.

– Мы тут і бульбу садзім, і ўсю гародніну, ёсць яблынькі, вішні, парэчкі, кусты розныя, – паказвае гаспадыня. – Раней і жывёліну ўсякую трымалі, акрамя каровы. Было ўсё сваё, як у вёсцы. Праўда, цяпер кожны год задумваюся, як нават з агародам справіцца – не стае сіл.

Блізкасць азотнага камбіната Валянціну Пятроўну не палохае. Сцвярджае, што практычна не адчуваюцца дрэнныя пахі з боку завода, маўляў апошнія гады на прадпрыемстве шмат што змянілі на карысць экалогіі, і цяпер дыхаецца тут добра, і гародніну з свайго надзелу ў ежу яна ўжывае без боязі.

«Ёсць яшчэ домікі, дзе ўвечары гарыць святло»

Ці не страшна ёй адной у хаце па начах? – цікаўлюся ў гаспадыні. Аказваецца, прывыкла, маўляў, па дачах цяпер асабліва ніхто не лазіць, а побач заўсёды сабачка, які падае голас.

Ёсць яшчэ домікі, у якіх увечары ўключаецца святло альбо гараць знічкі. Недалёка жывуць муж з жонкай пенсіённага веку, а трохі далей – сям’я алкаголікаў, але яны спакойныя, ні з кім не канфліктуюць і нікога не чапаюць. Жывуць і яшчэ людзі, але значна далей, з імі рэдка калі сустрэнешся.

– Летась на сходзе таварыства казалі, што ў нас круглы год жыве каля 30 сямей, – канстатуе жанчына. – Жыла нават сям’я з двума дзецьмі – нібыта не маглі кватэру пабудаваць. Але я іх цяпер не бачу. Некаторыя жывуць на дачах, бо танней за яе заплаціць, чым у горадзе кватэру зняць. А тут, у прынцыпе, той самы горад, толькі не ўсе выгоды ў доме.

У выхадныя абавязкова прыязджае нехта з суседзяў, каб паглядзець сваё лецішча. Суседзі ўдзячныя, што Валянціна Пятроўна тут круглы год, бо наглядае і за іх дамамі.

– Сюды нават і хуткая дапамога прыязджае, і міліцыя, калі выклікаюць, – распавядае жанчына. – Я вось толькі прапісана ў горадзе, але за гэта пакуль ніхто не чапляецца, і электрычнасць на зіму не адключаюць.

«Не наракаю, ёсць тыя, каму горш…»

Напрыканцы пацікавіўся ў сваёй суразмоўніцы, ці не хоча яна хоць на зіму вярнуцца ў гарадскую кватэру. Але жанчына ў адказ толькі ўсміхаецца: маўляў, ужо звыклася і не хоча назад.

– У нас яшчэ не найгорш, – кажа яна. – Вось часам гляджу навіны па тэлевізары і бачу, як у Расіі людзі ад розных катастроф цярпяць і ніякай помачы не маюць. Вось дзе шкада людзей, а я тут неяк дажыву…

Не за гарамі вясна, трэба брацца за агарод, насенне рыхтаваць, цяпліцу ставіць…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»