Кацярына Папчэня. Фота аўтара

За нафтавымі жарсцямі, навагоднімі ды каляднымі святамі неяк малазаўважнай засталася вялікая культурніцкая падзея – беларускі народны абрад “Юраўскі карагод” з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна ўключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Адбылося гэта ў снежні на другім, так бы мовіць, канцы планеты – у сталіцы Калумбіі Багаце, дзе праходзіла 14-я сесія спецыялізаванай установы ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

У каго ключы, якія “адмыкаюць” зямельку

Так далёка культурніцкія справы Беларусі сталі вядомыя, дзякуючы дасціпным палешукам з Пагосту, і найперш захавальніцы абраду Кацярыне Папчэні.

“Ой, не называй ты мяне Кацярынай Аляксееўнай, – адказвае на вітанне Папчэня. – Мне ўжо хутка восемдзесят. Мяне ўсе “баба Каця” клічуць, і ты так называй”.

Знаёмы мы з бабай Кацяй даўно, зноў-такі праз той самы “Юраўскі карагод”.

Унікальны веснавы абрад ладзілі ў Пагосце спрадвеку. Шостага траўня, у Юр’еў дзень, уся вёска ад малога да вялікага, большым ці меншым складам выходзіць у поле на маладое жыта, каб “адамкнуць” зямельку, узяцца за рукі ў карагод , уславіць першую зеляніну і жыватворныя сілы прыроды. Традыцыя звязаная з ушанаваннем нашымі продкамі паганскага персанажа Ярылы, які апекаваўся свойскай і дзікай жывёлай, сялянскай нівай і пачуццёвым каханнем. У кожнай абрадавай рэчы, што выкарыстоўваецца ў Пагосце на Юр’е, ёсць сваё прызначэнне. У каравай, напрыклад, тут уторкваюць тры галінкі заквітнелай яблыні ці грушы, якія маюць па тры плодныя парасткі з кветачкамі – усяго дзевяць, акурат столькі месяцаў цягнецца цяжарнасць у жанчыны, зрэшты, як і сцельнасьць у каровы, вясковай карміцелькі.

Ніколькі не перабольшваю, кажучы, што прыгожы абрад апошнія амаль чатыры дзесяцігоддзі трымаецца менавіта на Кацярыне Папчэні, кабеце няпростага лёсу, але з няўрымслівым і надзвычай песенным характарам. Раней яна загадвала мясцовым клубам, была тут мастацкім кіраўніком, але і пасля перадачы вясковай культустановы ў маладзейшыя рукі не ацуралася спрадвечнай традыцыі. Больш таго, вазіла аднавясковак паказваць свой абрад нават у Нямеччыну, не кажучы ўжо пра бліжэйшыя краіны. І вось цяпер аўтарытэтная міжнародная арганізацыя прызнала каштоўнасць “Юраўскага карагоду”: гэта арыгінальна, непаўторна, прыгожа, такога няма ў іншых народаў свету. Гэта наша нацыянальная адмеціна, наш гонар, наша ідэнтычнасць.

Найлепшая ўзнагарода

Цікаўлюся ў Кацярыны Аляксееўны, атрымала яна хоць нейкі знак увагі з боку афіцыйных органаў?

“Віншавалі з раёна, з Міністэрства культуры. Знаёмыя журналісты тэлефанавалі”, – кажа самабытная народная артыстка.

— Можа Аляксандр Лукашэнка ці яго адміністрацыя якую тэлеграму даслалі – усё ж такі не проста вёску ці раён, а цэлую краіну на стагоддзі ўславілі?

“Не, ад кіраўніка дзяржавы ніякага знаку. Ды я за славаю не ганюся, – тлумачыць Папчэня. – Людзі слухаюць нашы песні, моладзь далучаецца да нашага абраду – гэта мая найлепшая ўзнагарода”.

Мала-памалу гаворка наша скіравалася да новай вясны і будучага свята ў Пагосце.

Юр’я, устань рана,
Паязджай у поле, адмыкай зямлiцу, выпускай расiцу!

“Мне да новага Юр’я хоць бы вычухацца, сілаў набрацца. На ўколах ды пігулках жыву”, – нечакана замаркоцілася Кацярына Аляксееўна.

Шорт-ліст нацыянальнай прэміі без Кацярыны Папчэні

Захавальніца “Юраўскага карагоду” ў мінулым годзе моцна хварэла, перанесла аперацыю на сэрца, якую рабілі ў цэнтры кардыялогіі ў Мінску. У Пагост яна вярнулася літаральна за тыдзень да прызнання ў калумбійскай Багаце вялікай каштоўнасці беларускага абраду. Цяпер жанчыне, каб рэабілітавацца і падмацаваць свае жыццёвыя сілы, патрабуюцца пігулкі і ледзь не штодня ўколы. Адзін патрэбны укол – гэта ўжо 6 рублёў з капейкамі.

“Пасля аперацыі мяне прызналі інвалідам другой групы. На лекі ёсць зніжкі, але чамусці не на тыя, якія мне патрэбны”, – зазначае жанчына. І дадае: “Не зразумей гэта як крыўду, але мне пасля прызнання нашага карагоду UNESCO ніхто і капейчынай у руку не плюнуў”.

Словы дасціпнай вяскоўкі ўзрушылі і не адпускаюць, як і яе беражлівасць да свайго культурнага набытку, што некалі нарадзіўся і дагэтуль шануецца на палескай зямлі. І вельмі шкада, што ў спісе лаўрэатаў нацыянальнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” сёлета не было бабы Каці, Кацярыны Аляксееўны Папчэні, жанчыны сціплай, але надзвычай адданай сваім беларускім караням.

Поделиться: