Леанід Левановіч

У вёску Пятрылава на Вілейшчыну мяне даўно клікаў пісьменнік Леанід Левановіч: «У нас тут лес кругом, паветра – як на курорце, прыязджай, не пашкадуеш». І вось нарэшце я выбраўся з тлумнага Мінска. Адразу за Радашковічамі на прыдарожных знаках пачалі мільгаць назвы санаторыяў «Сонечны», «Сасновы бор» – як падказка, што мясціны тут сапраўды курортныя. Ехаў я не толькі паветрам падыхаць, але і павіншаваць калегу з выхадам у свет рамана «Міленіум», які стаў этапным у творчасці вядомага празаіка. З пытання пра яго раманны цыкл і пачалася наша гутарка ва ўтульнай вясковай хаце.

– Леанід Кірэевіч, у Івана Шамякіна і Івана Чыгрынава былі серыі па пяць раманаў, з’яднаныя аднымі героямі. У вас – сем раманаў, своеасаблівае сямікніжжа. Вы спецыяльна пастараліся колькасна пераўзысці класікаў?

– І думкі такой не было! Дадам, што Іван Мележ задумваў сем раманаў, на жаль, паспеў напісаць толькі два з паловай. А найбольш маштабныя задумы меў Кузьма Чорны, нават запісаў у дзённіку, вярнуўшыся са сталінскай турмы: «Божа, напішы за мяне мае раманы – хіба так маліцца, ці што?» Але неўзабаве ён пакінуў гэты свет. У нашай літаратуры столькі няспраўджаных задум! Так што мне ў гэтым плане пашанцавала. Я сваё сямікніжжа завяршыў. У першым рамане «Шчыглы» падзеі адбываюцца ў 1943–1945 гадах – акупацыя, вызваленне, жыццё ў зямлянках, перамога, першае пасляваеннае лета майго героя Андрэйкі Сахуты. Другі раман «Паводка сярод зімы» – 1949–1950 гады: пачатак «халоднай вайны», а людзі радаваліся мірнаму жыццю. У рамане «Дзікая ружа» – смерць Сталіна; помню, як плакала мая настаўніца: аёй-аёй, што ж далей будзе?..

– У Мінску на Кастрычніцкай плошчы пяціметровы помнік правадыру вянкамі ледзь не па грудзі аблажылі.

– Хто плакаў, а хто ўпотай радаваўся. Далей раман «Сіняе лета» – палёт Гагарына ў космас, Хрушчоў паабяцаў камунізм праз 20 гадоў. Замест камунізму мы атрымалі застой, пра гэта я расказаў у рамане «Бесядзь цячэ ў акіян». Назва падкрэслівала, што ў прыродзе застою не было. Развал СССР і Чарнобыль знайшлі сваё адлюстраванне ў рамане «Палыновы вецер». А потым мне захацелася звязаць два тысячагоддзі, і летась з’явіўся сёмы раман – «Міленіум». Прызнацца, дапісаўшы яго, я адчуў спустошанасць…

– Гэта і не дзіўна – такая велічэзная праца! Засмучаюць хіба дзве лічбы: першы раман выйшаў накладам 11.000 асобнікаў, апошні – усяго 150.

– У 1986-м, калі выйшлі «Шчыглы», быў сапраўдны росквіт беларускай літаратуры. Такога ўжо ніколі не будзе – кнігу замяніў інтэрнэт. Ва ўсім свеце сталі чытаць менш. А французскі філосаф Дэні Дзідро ў свой час гаварыў: «Калі чалавек перастае чытаць, ён перастае мысліць». Камп’ютарныя гульні, карцінкі-смайлікі, розныя тэлешоу задурваюць людзям галаву.

– Вы нарадзіліся ў шматдзетнай сям’і, маленства ваша прыпала на пасляваенныя галодныя і халодныя гады. А што вас змусіла падацца ў пісьменнікі?

– У маіх бацькоў было пяць сыноў і пяць дачок. На пытанні суседзяў, як можна было так вымеркаваць, бацька з усмешкаю адказваў: «Калі плануем хлопца, кладзем пад падушку сякеру, а калі дзяўчынку – то серп». У паваеннай вёсцы жылося сапраўды вельмі цяжка – улада душыла падаткамі: здай мяса, малако, яйкі, воўну… Хоць у хаце не было ніводнай кніжкі, вучыўся я добра. Неяк, прачытаўшы «На прасторах жыцця» Якуба Коласа, захацеў і сам запісаць свае назіранні над птушкамі, а паперы няма. Я ўзяў чыстую «Працоўную кніжку калгасніка» (бацька працаваў рахункаводам), вывеў на вокладцы «Шчыглы» і напісаў першы сказ: «Быў светлы сонечны дзянёк»…

Поўны тэкст гутаркі Міхася Скоблы з Леанідам Левановічам чытайце ў газеце «Народная Воля» за 28 студзеня