Лоеўска-Брагінскае вадасховішча.Фота з адкрытых крыніц

Настаўнік і грамадскі актывіст з Лоева Мікалай Анісавец ініцыяваў на  электронным сервісе рetitions.by збор подпісаў пад зваротам да прэм’ер- міністра Беларусі Сяргея Румаса  – “Спыніць высушванне Палесся”.

У звароце, у прыватнасці, адзначаецца, што Палескі рэгіён з прычыны недахопу вады  фактычна патрапіў у зону экалагічнага бедства. І не толькі з-за неразумнай татальнай меліярацыі яго ў савецкі час, але і з-за нігілістычнага стаўлення да гэтай праблемы цяперашніх уладаў. Ідзе “сахарызацыя” Палесся. Землі высушаны, свае ападкі над рэгіёнам не ўтвараюцца, а рэдкія дажджы з Балтыкі ды Прычарнамор’я калі і даходзяць, то іх вада хутка скочваецца праз адкрытыя меліярацыйныя каналы ў бліжэйшыя  абмялелыя рэкі.

– Зараз узровень грунтовых вод у рэгіёне на 1,5–2 метры ніжэй, чым у 90-я гады, –  кажа ініцыятар звароту ва ўрад Мікалай Анісавец. – У вёсках прападае вада ў калодзежах, вымерлі жабы. Буслы перабраліся ў даліны Дняпра і Прыпяці. Масава высыхаюць лясы. Летам бракуе вады, каб тушыць пажары.

Cуразмоўца дадае, што і сельская гаспадарка ў рэгіёне апынулася ў крызісным стане. Ураджайнасць традыцыйных культур зніжаецца да ўзроўню сярэдзінных гадоў мінулага стагоддзя. Практычна ўсе раёны Гомельскай вобласці рашэннем урада аднесены да раёнаў з неспрыяльнымі ўмовамі вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці.

Падпісанты звароту прапануюць ураду даць аператыўныя ўказанні кіраўнікам мясцовых органаў улады зачыніць выпускныя шлюзы, а дзе іх няма, перасыпаць меліярацыйныя каналы, каб максімальна затрымаць любую веснавую ваду на землях Палесся. Прапануецца змяніць стратэгію сельскагаспадарчай вытворчасці – браць пад увагу не тэмпы пасяўных кампаній, а захаванне воднага балансу, вільготнасці глебы і амбарную ўраджайнасць.

Мэтазгодна адшукаць фінансавыя сродкі, каб запоўніць з выкарыстаннем веснавой вады ўсе наяўныя ў рэгіёне вадасховішчы, у тым ліку і перасохлае Лоеўска-Брагінскае вадасховішча.

Як адзначаецца ў звароце, наспела вострая неабходнасць распрацоўкі дзяржаўнай праграмы рацыянальнага ўзнаўлення раней асушаных балот дзеля аднаўлення клімата і стварэння неабходных умоў развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці.