25 студзеня ў Гомелі актывісты грамадскай кампаніі “Забітыя і забытыя”, куды ўваходзяць гісторыкі і журналісты, ушанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій, расстраляных у 30-40-я гады мінулага стагоддзя ў Бутулінскім лесе, што па правы бок Чарнігаўскай шашы.

Гэтае другое вядомае месца масавых расстрэлаў мірных жыхароў, выяўленае ў 2007 годзе. Салдаты 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны паднялі тут на паверхню з розных магіл косткі і прастрэленыя чарапы 70 ахвяр.

Нераўнадушныя жыхары рэгіёну прыйшлі сюды з партрэтамі сваіх сваякоў і проста выбітных жыхароў Гомеля, каб пакланіцца безымянным калектыўным магілам.

Ініцыятарам кампаніі “Забітыя і забытыя” стала праўнучка знішчанага вяскоўца Рыгора Кавальчука з Нараўлянскага раёна, краязнаўца і журналістка Ларыса Шчыракова.

Сюды прыехала і фрылансер Наталля Хамутоўская з Ельскага раёна, чые продкі таксама пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій.

Мэта кампаніі, якая стартавала пры канцы 2019 года, належным чынам даследаваць трагічныя старонкі беларускай гісторыі, запісаць сведчанні людзей, сабраць архіўныя звесткі, ўсталяваць мемарыалы і памятныя знакі ў месцах масавых расстрэлаў бязвінных ахвяр сталінскай дыктатуры. У падтрымку ініцыятывы ўжо сабрана 600 подпісаў жыхароў абласнога цэнтра.

Каля пакутных крыжоў у Бутулінскім лесе, усталяваных у свой час жыхарамі Гомеля на месцы знойдзеных парэшткаў ахвяр, актывісты рэканструявалі сцэны расстрэлаў энкавэдыстамі мірных жыхароў. Фота- і відэаздымкі інсцэніровак будуць выкарыстаны ў дакументальнай стужцы пра масавыя сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне.

Арт-акцыя “Лес смерці” зладжана ў Гомелі

Арт-акцыя “Лес смерці” зладжана ў Гомелі

Арт-акцыя “Лес смерці” зладжана ў Гомелі

Арт-акцыя “Лес смерці” зладжана ў Гомелі

Арт-акцыя “Лес смерці” зладжана ў Гомелі

Арт-акцыя “Лес смерці” зладжана ў Гомелі

Арт-акцыя “Лес смерці” зладжана ў ГомеліНа здымках: Бутулінскі лес – лес смерці.
Фота аўтара.