Урокі фарсі / Hype Film

Сусветная прэм’ера фільма «Урокі фарсі», знятага на базе «Беларусьфільма», пройдзе на Берлінскім кінафестывалі 22 лютага 2020 года. Стужку пакажуць на цэнтральнай пляцоўцы Берлінале — Berlinale Palast. «Урокі фарсі» трапілі ў праграму Berlinale Special.

Хоць у вытворчасці «Урокаў фарсі» ўдзельнічалі тры краіны: Расія, Германія і Беларусь, — у расійскай прэсе пра фільм пішуць як пра расійскі. На сайце кінафестывалю краіна фільма пазначаная як Russian Federation / Germany / Belarus. Здымалі яго на базе «Беларусьфільма» — у Мінску і ў іншых гарадах Беларусі, перадае Еўрарадыё.

Кіно расказвае пра бельгійца яўрэйскага паходжання. У акупаванай Еўропе ён аказваецца ў канцлагеры. Каб выжыць, ён выдае сябе за перса. Раптам высвятляецца, што кухар канцлагера марыць пасля вайны з’ехаць у Іран і хоча вывучыць фарсі. Бельгійцу даводзіцца даваць яму ўрокі мовы, якую ён сам не ведае.

«Урокі фарсі» першапачаткова хацеў зняць Цімур Бекмамбетаў, але зняў рэжысёр з Кіева Вадзім Перэльман. Да гэтага ён займаўся навелай для фільма «Ёлкі 5», драмай «Купі мяне» і некалькімі серыяламі, якія выйшлі ў Расіі.