Фото с сайта Svopi.ru

Беларуская нафтавая кампанія (БНК) купіла партыю нарвежскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. Адтуль нафту чыгункай даставяць на Наваполацкі НПЗ. На гэтым фоне Лукашэнка зрабіў заяву, што ў будучыні Беларусь збіраецца купляць у Расіі толькі 30-40% ад неабходнай краіне нафты.

Ці зможа нафта з Нарвегіі стаць альтэрнатывай расійскім пастаўкам? І — калі яна акажацца нашмат даражэйшай — ці стане бензін на беларускіх запраўках каштаваць столькі ж, колькі каштуе на нарвежскіх? Для даведкі: АІ-98 там каштуе 1,8 еўра. У нас — 0,85 еўра.

У колькі Беларусі абышліся першыя 80 тысяч тон нарвежскай нафты?

Мы не ведаем, гэту цану давядзецца разлічваць. Сёння барэль нафты, у залежнасці ад маркі, таргуецца па $64-65. Рынкавы кошт тоны — крыху больш за 470 долараў. Па звестках тэлеграм-канала zaprauka.by, $9 за тону Беларусь заплаціць за перавалку ў порце Клайпеда, $40 за тону — за дастаўку да завода «Нафтан». Плюс $1/тона за кантроль якасці і колькасці, плюс $2/тона за зліў на чыгуначных эстакадах і запампоўку ў рэзервуары НПЗ. Разам каля $520 за тону нарвежскай нафты.

Па паведамленні «Белнафтахіма», цана расійскай нафты для Беларусі складае 83% ад сусветнай. Гэта значыць, што нафта з Расіі абыходзіцца Беларусі каля $390 за тону. Тона нарвежскай нафты на $130 даражэйшая. Гэта вельмі сур’ёзная розніца. Літва можа пераваліць праз свае парты каля 3 млн тон «альтэрнатыўнай» нафты за год. Толькі на іх Беларусь «страціць» каля $400 млн. Што ж, суверэнітэт — гэта нятанна!

Ці застануцца беларускія НПЗ рэнтабельнымі з такой альтэрнатыўнай нафтай?

«Калі цана куплі альтэрнатыўнай нафты — рынкавая, то яе пастаўкі на беларускія НПЗ пазбаўленыя ўсякага эканамічнага сэнсу. Гэта неаднаразова паказваў досвед: былі пробы паставак венесуэльскай і азербайджанскай нафты — пабалаваліся годзік і перасталі; былі разавыя пастаўкі і з іншых краін, напрыклад з Ірана, — таксама гэтая нафта не цячэ ракой на ААТ «Нафтан» і ААТ «Мазырскі НПЗ», — адказаў Еўрарадыё на гэтае пытанне эксперт сайта zaprauka.by.

«Мы не ведаем практыкі, каб якая-небудзь краіна, акрамя Расійскай Федэрацыі, або кампанія прадавала Беларусі нафту танней за яе сусветныя каціроўкі», — дадаў эксперт.

Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб ацэньваць чужыя разлікі не бярэцца, але пагаджаецца: натуральна, альтэрнатыўная нафта будзе даражэйшая за расійскую. На думку эканаміста, для Беларусі праца з іншымі пастаўшчыкамі будзе няпростым, але карысным досведам:

«Наяўнасць больш дарагіх, але альтэрнатыўных крыніц пастаўкі нафты ідзе на карысць Беларусі з пункту гледжання памяншэння магчымасці Расіі аказваць ціск і займаць становішча манапольнага пастаўшчыка сыравіны».

Што будзе з бензінам на запраўках?

Па словах экспертаў, росту цэн на паліва не пазбегнуць. І рэч не толькі ў параўнальна дарагіх альтэрнатыўных пастаўках.

«Гістарычная праўда дынамікі цэн на беларускіх АЗС мае дакладную і ўстояную тэндэнцыю — кошт паліва толькі расце. Просім не браць пад увагу тактычныя «капейкавыя» зніжэнні, бо ў канчатковым выніку яны ўсё роўна былі адыграны агульнай тэндэнцыяй павышэння. Таму ў бягучай сітуацыі мы вымушаны, на жаль, канстатаваць, што ў залежнасці ад крыніц пастаўкі сыравіны цэны паліва на АЗС Беларусі будуць у найбліжэйшай агляднай перспектыве толькі расці», — разважае эксперт сайта zaprauka.by.

«Іншая рэч — як яны будуць расці? З улікам выбарнага года [у 2020 годзе ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары] наўрад ці будуць нейкія моцныя разавыя скачкі. Тактыка будзе тая самая: разавы рост на адну капейку. Але гэта можа адбывацца часцей, чым летась. Аж да кожнага тыдня», — дадае Іосуб.

У 2019 годзе цэны на аўтамабільнае паліва павышаліся 28 разоў. У 2018 годзе на адно павышэнне менш — 27.

Вадзім Іосуб нагадвае, што да 2017 года беларускія НПЗ маглі зарабляць на экспарце нафтапрадуктаў і гэтым самым пакрываць страты, якія яны атрымлівалі на ўнутраным рынку з-за таго, што прадавалі паліва па параўнальна нізкай цане. Летась магчымасці зарабляць на экспарце значна зменшыліся. У пачатку студзеня пастаўкі паліва за мяжу і зусім прыпынілі. Яны былі адноўленыя толькі 22 студзеня.

Ці можа дарагая нафта абрынуць эканоміку Беларусі?

Калі Беларусь дыверсіфікуе пастаўкі за кошт нафты па рынкавых цэнах — як гэта адаб’ецца на ВУП краіны? Па словах дырэктара Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандра Чубрыка, цяпер складана нешта прагназаваць, таму што ў Беларусі яшчэ не было гістарычных прэцэдэнтаў дыверсіфікацыі паставак нафты.

«Сёлета на нас паўплывае тое, колькі мы будзем купляць і перапрацоўваць расійскай нафты. Зразумела, што першы квартал [2020 г.] з-за гэтых скарачэнняў паставак будзе правальным. Магчыма, [ВУП] нават упадзе па выніках першага месяца. А далей усё будзе залежаць ад таго, на якіх умовах і аб’ёмах дамовімся».

Пакуль што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы застаюцца недазагружаныя. Паводле ацэнак ІПМ, у 2020 годзе кожныя 10 працэнтных пунктаў падзення вытворчасці нафтапрадуктаў будуць зніжаць тэмпы росту ВУП прыкладна на 0,36 п. п.

Паводле папярэдняй ацэнкі, у 2019 годзе ВУП вырас усяго на 1,2%. Недазагрузка НПЗ на ⅓ абнуліць гэты рост, а калі праблемы будуць больш сур’ёзныя, завядзе ВУП у мінус. Дамовы на пастаўкі расійскай нафты ў 2020 годзе ў Мінска да гэтага часу няма.