Тамара Міронава. Фота https://minsknews.by

Ёсць артыст-выбух, артыст-выбліск. А ёсць – роўнае святло, мернае свячэнне. Да такіх я аднесла бы непараўнальную Тамару МІРОНАВУ, актрысу тэатра імя Я.Купалы. У калектыў Купалаўскага яна прыйшла не маладзенькай артысткай, а, прама скажам, у самавітым жаночым узросце – у 50 гадоў. І тым не менш зрабіла прыкметную тэатральную кар’еру ў сталічным тэатры нумар адзін. Ды яшчэ і ў кіно раптам стала незвычайна запатрабаваная. Фільмаграфія Тамары Міронавай за апошнія два дзесяцігоддзі – гэта амаль сотня роляў у серыялах і поўнаметражных фільмах. Такіх актрыс зараз у Беларусі больш няма.

Праз некалькі дзён Тамара Васільеўна адзначае выдатны юбілей. На роднай сцэне ў Купалаўскім адбудзецца яе творчы вечар. А пакуль мы пагутарылі ў яе ўтульнай грымёрцы.

– Вы на сцэне вострая, гратэскавая. Вам падабаецца ваша амплуа цёткі?

– Я ж разумею, што ў сваім узросце ніякіх Джульет іграць ужо не магу. Іграю бабак, суседак – гэта натуральна. Я люблю вобразы людзей з народа: простых, няхітрых, цікавых.

– Але самі вы паводле нараджэння гараджанка.

– Так, нарадзілася ў Вільнюсе. Маму пасля медвучылішча паслалі туды працаваць па размеркаванні. Пасля вайны, пакуль не адпрацуеш тры гады, дыплом не давалі. Так мама і засталася ў Літве. А дзе было лепш? Прынамсі, горад не разбураны.

– І бытавая культура вышэй.

– Што і казаць, адрознівалася… І калі я прыехала ў Беларусь, у Бабруйскі тэатр, шмат чаму дзівілася. Але мне тут спадабаліся людзі, вельмі спадабаліся. Мне Беларусь аказалася бліжэй да душы, чым Літва. Дый, у рэшце рэшт, у мяне бабуля з Брэст Літоўска.

– А як беларуская мова ўвайшла ў вашу сутнасць, у вашу душу?

– Сяброўка павезла мяне ў Лагойскі раён. А там бабулі… Песні, размовы. І я раптам адчула гэту мову як родную! А калі нешта моцна спадабаецца, то ідзе лёгка, як па алеі.

– Але ў першай частцы вашага тэатральнага лёсу – да беларускага перыяду – былі перашкоды. Мякка кажучы, у самым зорным жаночым ўзросце шлях быў зусім не зорны.

– Ды не тое што не зорны, а наадварот… Мяне не бралі ні ў адзін тэатральны інстытут. Таму пасля школы я атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю, а нічога тэатральнага, акрамя студыі, так і не скончыла. Але ў маю маладосць можна было і са студыяй за спінай ісці на прафесійныя падмосткі. Зрэшты, сцэна ўсяму навучыць, калі захочаш. Тым больш у нас былі так званыя курсы павышэння кваліфікацыі, многія, у тым ліку і я, ездзілі ў Маскву і жылі там тыднямі, глядзелі лепшыя спектаклі, займаліся з педагогамі. Усё аплачваў Саюз тэатральных дзеячаў СССР.

– Нядрэнна…

– Але і зараз дзякуючы дырэктару Латушку ў Купалаўскім тэатры пачаўся новы этап: з’явіліся спонсары, арганізуюцца замежныя гастролі…

Поўны тэкст гутаркі Алены Малочка з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Тамарай Міронавай чытайце ў газеце «Народная Воля» за 24 студзеня