22 студзеня – шостая гадавіна трагічнай смерці Героя Украіны, беларуса Міхаcя Жызнеўскага.

Ушанаваць памяць героя на могілкі ў вёску Сцяг Працы пад Гомелем, дзе пахаваны Жызнеўскі, прыехалі актывісты з абласнога цэнтру, Мінска, Мазыра, Ельска.

Ад вясковай дарогі да могілак калона ў тры дзесяткі чалавек пешшу рушыла пад бел-чырвона-белымі сцягамі. У яе шэрагах ішла і выбітная беларуска Ніна Багінская. Да помніка Жызнеўскага ўсклалі жывыя кветкі і вянкі з надпісам: “Змагару за свабоду Украіны і Беларусі”.

Адкрыла жалобную цырымонію сустаршыня Руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая. Яна сказала,  што сёння ўшаноўваецца памяць Героя Украіны, беларуса  Міхася Жызнеўскага, які аддаў сваё жыццё  не толькі за “вольную будучыню ўкраінскай дзяржавы, за правы і свабоды яе грамадзянаў, але і за Беларусь”.

Паводле прамоўцы, беларуская нацыя заўсёды нараджала герояў. Больш як праз сто пяцьдзесят гадоў беларусы атрымалі магілу змагара за незалежнасць Кастуся Каліноўскага. Тыя, хто шэсць гадоў таму ўдзельнічаў у пахаванні Міхася Жызнеўскага, ведаюць, з якімі перашкодамі гэта адбывалася.

Алена Талстая аб’явіла пра малітву за спачын душы Міхася Жызнеўскага, за Беларусь і яе герояў, якую мовілі святары Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Вячаслаў Кучук і Вікенцій Кавалькоў.

Па заканчэнні малітвы айцец Кучук падзякаваў усім прысутным за тое, што, нягледзячы на дрэннае надвор’е, дождж са снегам, людзі знайшлі магчымасць прыехаць на магілу Жызнеўскага, ушанаваць памяць слаўнага сына Беларусі.

Ад грамадска-палітычнага цэнтра Гомеля, які ўжо не першы год ладзіць з Рухам салідарнасці “Разам” сумесныя акцыі ўшанавання памяці Міхася Жызнеўскага, выступіў старэйшы грамадскі актывіст і палітык Уладзімір Кацора. Ён нагадаў, што наш зямляк Міхась Жызнеўскі ёсць прыкладам змагання за вольную Беларусь. Гэта цяпер надзвычай актуальна, калі навісла пагроза анэксіі Беларусі суседняй Расіяй пад выглядам “паглыблення інтэграцыі”.

Дзень памяці Міхася Жызнеўскага

Дзень памяці Міхася Жызнеўскага

Дзень памяці Міхася Жызнеўскага Жалобная імпрэза на могілках вёскі Сцяг Працы пад Гомелем, дзе пахаваны Міхась Жызнеўскі і яго бацькі.

Фота аўтара