Яна Ярмашэвіч

Беларуская фрыстайлістка заваявала на этапе Кубка Еўропы сярод юніёрак у Швейцарыі бронзавы медаль, які можна прыраўняць да «золата».

Для абывацеля дасягненне спартсменкі, магчыма, і не такое значнае. Юніёрскі этап Кубка свету, усяго толькі «бронза»… Але гэта на першы погляд. Не ўсе, напэўна, ведаюць, праз якія выпрабаванні давялося прайсці фрыстайлістцы напярэдадні.

Дзяўчынка пачала займацца спортам з трох гадоў. Спачатку была мастацкая гімнастыка, затым – акрабатыка, фрыстайл. У 13 гадоў Яна ўпершыню паехала з камандай на зборы ў Чэхію. Дэбютавала на юніёрскім чэмпіянаце свету і дарослым этапе Кубка свету, які праходзіў у Раўбічах.

Каля двух гадоў таму Яна пачала развучваць двухсальтавыя скачкі на трампліне комплексу «Фрыстайл». А далей было падзенне амаль з шасціметровай вышыні. На разгоне лыжына паехала ўбок, і спартсменка вылецела з трампліна. Можна сказаць, дзяўчынцы пашчасціла, што звалілася ў басейн аквапарку. Паўметра ў іншы бок – і трапіла б альбо на жалезную лесвіцу, альбо на кафельную плітку. Дарэчы, была ўзбуджана крымінальная справа па гэтым факце, але праз нейкі час яе закрылі.

У бальніцы высветлілася – у Яны двайны пералом нагі. Зрабілі аперацыю, але косці не зрасталіся. Амаль чатыры (!) месяцы спартсменка правяла на бальнічным ложку.

Пасля чаго – новая аперацыя, унутр косткі Яне ўставілі стрыжань. Падчас аперацыі Яна страціла шмат крыві, потым два дні знаходзілася ў рэанімацыі.

Затым была рэабілітацыя: ЛФК, праграванне, масаж, басейн, трэнажорная зала… Трэба было вучыцца хадзіць па-новаму.

«Многія ў нас пыталіся: «Вы што, збіраецеся вярнуць Яну ў фрыстайл?», – кажа маці спартсменкі вольга Ярмашэвіч. – І калі чулі станоўчы адказ, то проста круцілі пальцам ля скроні. А верылі ў яе вяртанне толькі трэнеры, я і псіхолаг з Аксакаўшчыны.

Натуральна, у фрыстайле ёсць свае рызыкі. Аднойчы дачка прыязджае да мяне на працу, кажа: «Ты толькі не глядзі на мяне». А ў яе на ўвесь твар – крывавая «баявая афарбоўка». Гэта так няўдала прызямлілася тварам аб снег. Але ж калі не падаеш, то на веласіпедзе катацца не навучышся.

Раней мы пастаянна ездзілі ў Раўбічы, каб пабалець за дачку, а пасля спаборніцтваў я ў яе пыталася: «Табе не страшна?» Яна мне адказвала так: «Мама, ты нічога не разумееш. Я лятаю!» І гэтым было сказана ўсё. Таму я веру і ў дачку, і ў яе перамогі».

Безумоўна, не кожны здольны прайсці праз такія выпрабаванні. Паваліцца, каб затым ізноў караскацца да новых вышынь. Яна знайшла ў сабе сілы гэта зрабіць. Таму яшчэ раз паўтаруся: «бронза» на юніёрскім этапе Кубка свету мае вельмі вялікую каштоўнасць у першую чаргу для самой Яны Ярмашэвіч. Веру, што будуць у яе і больш значныя перамогі!