Уладзімір Няпомняшчых

17 студзеня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алеся Восіпава аштрафавала былога
афіцэра міліцыі, пенсіянера МУС Уладзіміра Няпомняшчых на 675 рублёў, альбо 25
базавых велічынь. Пенсіянер прызнаны вінаватым у парушэнні закона аб арганізацыі і
правядзенні масавых мерапрыемстваў – на падставе артыкула 23.34 КаАП. У
міліцэйскім пратаколе, а пасля і ў судовай пастанове адзначана, што Уладзімір
Няпомняшчых браў актыўны удзел у недазволеным уладамі мітынгу пратэсту супраць
інтэграцыі Расіі з Беларуссю, якая праходзіла 21 студзеня на Кастрычніцкай плошчы ў
Мінску.

Тая ж суддзя Восіпава напярэдадні новага года пакарала Уладзіміра Няпомняшчых за
ўдзел у падобнай пратэстнай акцыі ў сталіцы на пачатку снежня. Сума штрафа
раўнялася 20 базавым велічыням, што адпавядае 510 рублям.

У судзе прысутнічаў праваабаронца Леанід Судаленка. Ён перакананы, што выпадкі
адміністрацыйнага пераследу абаронцаў суверэнітэту і незалежнасці Беларусі мусяць
прайсці праверку ў Камітэце ААН па правах чалавека. Беларускія ўлады цынічна
паставіліся да сваіх грамадзянаў, якія праз мірныя мітынгі і шэсці адстойвалі гонар і
незалежнасць сваёй краіны, што прадугледжана Канстытуцыяй.

“Адміністрацыйныя справы, – дадае Судаленка, – захоўваюцца ў судах толькі тры
гады. І хто пасля ўспомніць пра добрыя справы нашых герояў-абаронцаў? А рашэнні
Камітэта ААН, як і міжнародныя абавязацельствы Беларусі, не маюць тэрмінаў
даўніны. Такім чынам мы надзейна архівуем стаўленне сённяшніх уладаў,
міліцыянтаў і суддзяў да Асноўнага Закона сваёй краіны”.

Паводле двух судоў з пенсіі гомельскага абаронцы суверэнітэта і незалежнасці
Беларусі ўлада ўтрымае на сваю карысць 1185 рублёў. Гэта ў эквіваленце адпавядае
565 доларам ЗША.