Чакаць вялікага паніжэння тэмпературы не варта.

Паводле дадзеных сіноптыкаў, у бліжэйшыя выхадныя ў Беларусі ўмовы надвор’я будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Ападкаў не чакаецца, у начныя гадзіны можа быць лёгкі мароз, а вось днём слупок тэрмометра пакажа плюсавыя значэнні.

Сёння, у пятніцу 17 студзеня, ападкаў не чакаецца, ноччу і раніцай магчымы туман і галалёд. У начны час тэмпература паветра складзе -3…+3°C, днём +1…+6°C.

У суботу 18 студзеня захаваецца сухое надвор’е, месцамі туман і слабы галалёд. Уначы прагназуецца -4…+1°C, днём 0…+5°C.

У нядзелю 19 студзеня ападкі малаверагодныя, толькі раніцай і днём месцамі па паўночна-заходняй частцы краіны можа прайсці мокры снег з дажджом. Тэмпература паветра ўначы складзе -5…+2°C, днём -1…+5°C.

У панядзелак 20 студзеня па поўначы Беларусі магчымы ападкі ў выглядзе мокрага снегу з дажджом, месцамі слабы туман і галалёд. У начныя гадзіны слупок тэрмометра пакажа -5…+2°C, днём -2…+4°C.

Дарэчы, вадохрышчанскія маразы фіксуюцца ў Беларусі не заўсёды. Да прыкладу, у 2007 годзе ў Мінску было самае цёплае Вадохрышча: ноччу -1°C, днём паветра прагрэлася да 8,1°C. А вось самая халодная вадохрышчанская ноч у сталіцы зафіксавана ў 1968-м: 25,8 градуса марозу.