Фото: БЕЛТА

Суддзя Мазырскага раёна Дмітрый Мазай  пакараў 17 студзеня  мясцовага інваліда Уладзіміра Неўмяржыцкага адміністрацыйным штрафам  у 30 базавых велічынь, што адпавядае  810 рублям.

Неўмяржыцкі ўдзельнічаў 20 і 21 снежня ў пратэстным мітынгу супраць “паглыбленай інтэграцыі” з Расіяй на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Са сталіцы ў  Мазырскі РАУС паступілі фотаздымкі і рапарты АМАПаўцаў. На іх падставе маёр міліцыі Андрэй Ляўданскі склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу (артыкул 23.34 КаАП) і перадаў у суд.

Інвалід Неўмяржыцкі патлумачыў падчас судовага пасяджэння, што Канстытуцыя абавязвае грамадзяніна абараняць суверэнітэт і незалежнасць сваёй краіны. Апрача таго,  Асноўны Закон гарантуе права на свабоду думак, перакананяў і іх свабоднае выяўленне праз сходы, мітынгі, вулічныя шэсці, якія не парушаюць грамадскі парадак.   Ніхто з пратэстоўцаў у Мінску парадак і не парушаў.

Суддзя Мазай, аднак, тлумачэнні Неўмяржыцкага не ўзяў пад увагу і, не выходзячы ў дарадчы пакой, адразу аб’явіў пастанову на штраф.

Гэта ужо другое пакаранне 49-гадоваму інваліду. 26 снежня  суд Фрунзенскага раёна Мінска завочна аштрафаваў яго таксама на 30 базавых велічыняў (765 рублёў)  за ўдзел 7 снежня ў пратэстнай акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. Штраф той быў меншым, паколькі ў мінулым годзе меншай  была базавая велічыня.

Пастанову на адміністрацыйны штраф  Фрунзенскага суда Неўмяржыцкі аспрэчвае ў Мінскім гарадскім судзе.  Збіраецца абскардзіць  інвалід і сённяшні штраф.