Святлана Алексіевіч спадзяецца, што затрымка з выдачай ліцэнзіі яе выдавецтву «Пфляўмбаўм» не тлумачыцца палітычнымі прычынамі. Пра гэта яна распавяла ў гутарцы з журналістам Еўрарадыё Змітром Лукашуком 16 студзеня. Выдавецтва «Пфляўмбаўм» ужо двойчы не змагло атрымаць ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць.

«Будзем верыць, што гэта праз нейкі дробязі. Я б не хацела думаць, што дзяржава зацікаўленая ў скандале, звязаным з маім імем», — заявіла нобелеўская лаўрэатка.

Алексіевіч называе заснаванне чыста жаночага выдавецтва прыгожай ідэяй.

Журналіст пацікавіўся, ці змогуць у выдавецтве Алексіевіч надрукавацца мужчыны: «Прыйдзе таленавіты хлопец і скажа: Святлана Аляксандраўна, хачу толькі ў вас друкавацца?»

«Хай ідзе ў «Мастацкую літаратуру», — адказала пісьменніца.

Нагадаем, што пасля таго, як Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, у галоўнага рэдактара «Мастацкай літаратуры» Віктара Шніпа спыталіся, ці будзе іх выдавецтва друкаваць кнігі набеліянткі. Шніп адказаў — маўляў, хай Алексіевіч прыносіць рукапіс.