Дом Уладзіміра Караткевіча ў Оршы/orsha.eu

Каля дома Уладзіміра Караткевіча ў Оршы плануюць пабудаваць сучасны музей класіка. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў бізнэсовец Андрэй Балабін, які выкупіў дом пісьменніка, перадае Еўрарадыё.

Аршанскі дом належаў бацькам Караткевіча. У ім пісьменнік жыў некалькі гадоў, там напісаў аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”.

У 2018 годзе Балабін выкупіў дом Караткевіча і абвясціў пра намер стварыць там музей.

Цяпер прадпрымальнік паведаміў, што купіў суседні з домам участак. На гэтай тэрыторыі ён і хоча пабудаваць сучасны музей Караткевіча. Сам дом занадта малы для паўнавартаснага музея, таму яго плануецца упаркаваць, захаваўшы аўтэнтычнасць і атмасферу месца.

Па словах Балабіна, праект новага музея ўжо рыхтуецца, у першай палове 2020 года яго могуць вынесці на грамадскае абмеркаванне. “Дом стане часткай экспазіцыі, збор якой ужо ідзе. У новым будынку пісьменніка будзе зручны, інтэрактыўны музей. Думаю, адно другому не перашкаджае”, — кажа бізнэсовец.

Будучы музей і прастора каля яго павінныя стаць месцам для правядзення культурных мерапрыемстваў. Дакладныя тэрміны рэалізацыі праекта Балабін не называе — прыблізна арыентуецца на 2021 год.

Дарэчы, у Оршы ўжо ёсць музей Уладзіміра Караткевіча. Ён размешчаны ў былым будынку гарадской радзільні — менавіта там пабачыў свет беларускі класік.

Сёлета ў лістападзе спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

Поделиться ссылкой: