Вольга Іпатава. Фота https://www.svaboda.org/

На пачатку студзеня адзначыла юбілей вядомая пісьменніца і грамадская дзяячка Вольга Іпатава. У свой час яна ўзначальвала літаратурна-драматычную рэдакцыю Беларускага тэлебачання, была галоўным рэдактарам газеты «Культура», старшынёй тады яшчэ адзінага Саюза пісьменнікаў Беларусі. На яе творчым рахунку больш за два дзясяткі кніг, у тым ліку гістарычныя раманы пра часы Вялікага Княства Літоўскага. Апошнія гады пісьменніца жыве ў Канадзе, дзе дапамагае сыну гадаваць унукаў. Каб павіншаваць і распытаць пра жыццё-быццё, мы знайшлі яе і на другім баку планеты.

– Вольга Міхайлаўна, Новы год у Беларусі зноў прайшоў без снегу, пры плюсавой тэмпературы. Дзеці засталіся без снегавікоў, дарослыя – без магчымасці «сагрэцца з марозу»… А якім пачатак 2020 года выдаўся ў Канадзе?

– У Канадзе трошкі халаднейшае, чым у Беларусі, надвор’е, і снегу было дастаткова,
каб адчуваць, што на дварэ зіма і Новы год. Мы жывём у невялікім, па мерках Канады, гарадку ў сотні кіламетрах ад Таронта. Але ўнукі не засталіся без штогадовага сюрпрызу – яны разам з бацькамі паехалі на Ніягару, дзе ў навагоднія дні ладзіцца сапраўднае «дзіцячае царства» з рознымі забаўкамі і атракцыёнамі.

– У кнізе «Лісты з Зэльвы» можна знайсці ўспамін Ларысы Геніюш пра тое, як ваш трохгадовы сын Руслан любіў спяваць беларускія песні: «Ой, ляцелі гусі з блоду» і «Золка Венела»… Як склаўся яго далейшы лёс?

– Руслан па прафесіі – медык, анкагематолаг. Ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, бо працы тут не знаходзіў. У яго ўзнікалі канфлікты – з-за маёй грамадскай і палітычнай дзейнасці. Сын быў вельмі засмучаны, з болем вялікім ад’язджаў. Цяпер ён працуе ў Канадзе па спецыяльнасці і актыўна займаецца беларускім рухам. У Таронта ёсць беларуская царква, дзейнічае Згуртаванне беларусаў Канады, і ён там – адзін з самых актыўных сяброў.

– Наколькі ведаю, ваша нявестка – кітаянка?

– Так. Цікава, што першы мой верш, надрукаваны яшчэ ў 1956 годзе ў газеце «Зорька», называўся «Кітайскім сябрам». Мы тады вельмі сябравалі з Кітаем, і, я памятаю, у нашай школцы ў вёсцы Забелле Бешанковіцкага раёна віселі партрэты Сталіна і Мао Цзэдуна. Так што мне ў гэтым бачыцца пэўнае наканаванне. У мяне вельмі добрая, разумная і адукаваная нявестка, мы з ёй жывём, як кажуць, душа ў душу.

– Ці разумеюць нявестка і ўнукі, што іхняя свякроў і бабуля – пісьменніца і ёй патрэбны вольны час для творчасці?

– Свой вольны час я вызначаю сама. Я не збіралася доўга жыць у Канадзе. Праўда, і не чакала, што ўнукаў будзе ажно трое…

– Раней вы казалі: вось падгадую ўнукаў і вярнуся ў Беларусь канчаткова. Цяпер так ужо не гаворыце. Тэма вяртання перастала быць для вас актуальнай?

– Не перастала. Падняць на ногі ўнука – як напісаць кнігу. Вось я і казала раней: вярнуся, калі «дапішу кнігу». А дзеці ўсё «пішуць» тыя «кнігі». Хочацца ўсе «кнігі дапісаць», і тады можна будзе вярнуцца. На жаль, мае ўнукі ўжо не адчуваюць, што родная зямля іх – Беларусь. Для мяне ж радзіма заўсёды лепшая за чужыну, дзе жыць камфортна, але няўтульна маёй душы. Бываючы ў Беларусі, я заўсёды еду ў Мір, дзе прыйшла на свет. У Мірскім замку створаны выдатны, на мой погляд, еўрапейскага кшталту музей, ён мяне моцна ўразіў. Душа мая ў тых мурах заўжды адпачывае. Калі ў чалавека знікае пачуццё роднай зямлі, ён памірае душой.

– Калісьці славуты нямецкі пісьменнік Генрых Бёль выказаўся ў тым сэнсе, што рабочы стол пісьменніка павінен стаяць як мага далей ад радзімы. Ці пішацца вам у Канадзе?

– Якраз у Канадзе мне не вельмі пішацца, хоць хочацца працягнуць серыю гістарычных раманаў пра эпоху Ягайлы і напісаць пра Соф’ю Гальшанскую, якая ў шлюбе з Ягайлам стала заснавальніцай магутнай дынастыі Ягелонаў. Але пакуль нешта перашкаджае. Не атрымліваецца ў мяне з Соф’і Гальшанскай патрыётка роднай зямлі. А калі ёсць нейкія перашкоды, то гэта знак творцу – ці варта ўвогуле пра гэта пісаць? Таму цяпер я збіраю матэрыялы пра Гіпербарэю. Вельмі зацікавіла мяне гэта напаўміфічная гісторыя пра тое, як была разбурана высокатэхналагічная цывілізацыя.

– Летась вы былі ўзнагароджаны медалём «100 гадоў БНР». Наколькі істотна для вас мець узнагароды?

– Любая ўзнагарода заахвочвае, уздымае творчы настрой, паколькі твая праца запатрабавана…

Поўны тэкст размовы Міхася Скоблы з Вольгай Іпатавай чытайце ў газеце «Народная Воля» за 8 студзеня