Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі прайшоў чарговы, 16-ы, Калядны турнір на прыз прэзідэнта Беларусі. Усур’ёз пра вынікі гэтага спартыўнага мерапрыемства з элементамі шоу казаць не варта, але некаторыя моманты, відаць, трэба адзначыць.

Першае. Арганізаваны турнір быў з традыцыйным размахам. Гэтым разам у Мінск
прыязджалі 12 каманд: зборныя краін Балтыі, Балкан, Міжнароднай федэрацыі хакея, ЗША, Германіі, Кітая, Украіны, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Расіі, Фінляндыі і Швейцарыі. І, натуральна, з удзелам прэзідэнцкай каманды з Беларусі, за якую гуляе беларускі кіраўнік.

«Мы прыйшлі да таго, каб падоўжыць жыццё нашым спартсменам, – распавёў Аляксандр Лукашэнка пра тое, як нарадзілася ідэя правядзення турніру. – І мы для гэтага шмат зрабілі. Мэта мерапрыемства адна – падоўжыць жыццё спартсменам і папулярызаваць здаровы лад жыцця».

Ідэя, безумоўна, цудоўная, але навошта даводзіць яе да абсурду, запрашаючы ў каманду ветэранаў дзеючых хакеістаў, якія пакуль і не збіраюцца на «пенсію»? Каму патрэбны перамогі любой цаной?!

Напрыклад, пасля матча з «Юнацтвам» галоўны трэнер салігорскага «Шахцёра» Юрый Файкоў абураўся, што ў каманды «кароткая лаўка, бо ў каманду прэзідэнта для ўдзелу ў Калядным турніры забралі Жыдкіх і Дурнова».

Ды і 15-гадовы член прэзідэнцкай каманды Мікалай Лукашэнка неяк не цягне на «ветэрана», якому трэба «падоўжыць жыццё ў спорце». Зрэшты, ніхто не спрачаецца, што ў шоу дазволены розныя імправізацыі.

Другі момант – малы дождж з вялікага грому. Калі хто слухаў інфармацыйныя тэлепраграмы дзяржаўных СМІ, то складвалася ўражанне, што галоўная тэма першых дзён новага года, якая абмяркоўваецца народам у краіне, гэта зусім не спыненне паставак расійскай нафты ў Беларусь, а хакейны турнір, які заваяваў любоў мільёнаў людзей.

Трэба сказаць, што адміністрацыйная машына па запаўняльнасці трыбун таксама працуе ў краіне без збоеў. Здаецца, і квіткі на матчы прадаваліся па 5 рублёў, але не думаю, што прадстаўнікі БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў, ваенныя, якія прыводзілі на гульні арганізаваныя групы, стаялі ў касах «Чыжоўка-Арэны». Ды і ў сацыяльных сетках з’яўляліся скрыны перапісак з чатаў некаторых навучальных устаноў, дзе студэнтам за наведванне матчаў турніру абяцалі залікі і дадатковыя балы на экзаменах. А тым, хто не згодны з такой пазіцыяй, пагражалі адваротным эфектам.

Ізноў-такі: навошта гэтая паказуха? Для карцінкі на БТ? Для замежных гасцей? Дык ім, як мне падаецца, да лямпачкі. Яны сёння ў Мінску пагулялі ў хакей, паелі-папілі, а заўтра будуць займацца сваімі справамі.

Па-трэцяе, у журналістаў пасля кожнага такога турніру ўзнікае лагічнае пытанне: за чый кошт банкет? Бо, пагодзімся, амаль тыдзень абслугоўваць 12 каманд (а ў складзе кожнай дэлегацыі па 20–30 чалавек) – на гэта таксама патрэбна не тысяча рублёў. Пералёты, пражыванне, харчаванне…

Што адметна, агульную суму выдаткаў ніхто так і не пачуў. Турнір арганізоўваюць чатыры ведамствы – Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Федэрацыя хакея Беларусі, Міністэрства спорту і турызму і Мінскі гарвыканкам. Атрымаць дакладную справаздачу аб выдатках на спартыўнае мерапрыемства і крыніцах паступлення грошай – справа няпростая.

Неяк былы прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў параіў людзям «жыць па сродках». Можа, варта так і дзейнічаць, а не ладзіць штучныя гульні, якія, як мне падаецца, цікавыя толькі вельмі вузкаму колу людзей?