Пастанову на адміністрацыйны штраф у памеры 765 рублёў атрымаў на днях з Фрунзенскага раённага суда Мінска былы супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сітуацый з Мазыра, 49-гадовы інвалід Уладзімір Неўмяржыцкі. Тамтэйшы суддзя Дзмітрый Лукашэвіч на падставе пратакола старшага лейтэнанта міліцыі Савецкага РУУС Віталя Тарлюка прызнаў Неўмяржыцкага вінаватым у парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах – паводле часткі 3 артыкула 23.34 КаАП. 7 снежня інвалід з Мазыра ўдзельнічаў у Мінску ў акцыі пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі” з Расіяй.

Як сказана ў пастанове суда, Няўмяржыцкі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску “трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг і выкрыкваў лозунгі: “Жыве Беларусь!”

“Сам я на судзе не быў. Позву мне прынеслі 26 снежня праз гадзіну пасля таго, як у Мінску адбыўся суд. Мяне прызналі вінаватым на той падставе, што на мітынг не было дазволу Мінгарвыканкама. Гэта недарэчна і дзіўна, бо Канстытуцыя абавязвае кожнага грамадзяніна абараняць сваю краіну, яе незалежнасць і суверэнітэт. Гэта наш святы абавязак”, – сказаў “Народнай Волі” Уладзімір Неўмяржыцкі.

Суразмоўца паведаміў таксама, што 6 студзеня яго выклікаў у міліцыю старшы ўчастковы інспектар Мазырскага РАУС, маёр Андрэй Ляўданскі. У райаддзел з Мінска паступілі фотаздымкі і рапарты АМАПаўцаў пра ўдзел Неўмяржыцкага ў акцыях пратэсту 20 і 21 снежня.

“На падставе гэтых матэрыялаў Ляўданскі склаў супраць мяне яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у мітынгах пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй. Выглядае, што мяне будуць судзіць яшчэ і ў Мазыры”, – дадаў інвалід Неўмяржыцкі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»