Мемарыяльная шыльда ў гонар Васіля Быкава з’явіцца ў Мінску

95

Шыльда мае з’явіцца ў бліжэйшы час на доме, дзе доўгі час жыў Быкаў.

Прайшла мастацкая рада ў пытанні размяшчэння мемарыяльнай шыльды народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву. Шыльда мае з’явіцца ў бліжэйшы час на доме, дзе доўгі час жыў Быкаў – у Мінску, на вуліцы Максіма Танка, 10, паведамляе Радыё Свабода.

Аўтарам дошкі мае стаць Ігар Засімовіч. Скульптар расказаў, што пакуль дакладнае месца і праект самой шыльды не зацверджаныя: на радзе вырашылі выбраць для яе новае месца, бо ранейшая прапанова, у двары, чальцам рады не спадабалася.

Летась Засімовіч і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка паставілі мемарыяльны знак на радзіме Быкава – у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. Шыльду з граніту прымацавалі на валуне, які стаіць на месцы хаты, у якой нарадзіўся Васіль Быкаў. Дасюль у Мінску няма ні вуліцы, ні плошчы, ні помніка Быкаву. Мінгарвыканкам пакуль, як сцвярджаецца, не знайшоў вуліцы, каб надаць ёй імя Быкава, а пытанне з перайменаваннем ужо існуючых вуліц гарадскія ўлады вырашылі не разглядаць, бо «прыйдзецца спытацца ва ўласнікаў будынкаў, ці хочуць яны змяніць усе свае дакументы за свой кошт».

Поделиться ссылкой: