Фота МНС

Навагодняя ёлка загарэлася 5 студзеня, калі ўжо развіднела. У гарадской службе МНС паведамілі, што сігнал пра ўзгаранне паступіў на тэлефон “101” у 08.16.

Дым з Прывакзальной плошчы быў бачны высока над горадам. На момант прыезду ратавальнікаў навагодняя ёлка гарэла адкрытым полымем. 15-метровая ёлка ў скверыку перад чыгуначным вакзалам штучная, складзеная з пластыкавых галін на металічным каркасе, упрыгожаная ілюмінацыяй.

Ратавальнікі патушылі ёлку. Агонь знішчыў усё ўбранне, застаўся толькі абгарэлы металічны каркас. Прычына пажару высветляецца. Найпершая версія – парушэнне правілаў эксплуатацыі электраабсталявання, бо пад раніцу ішоў мокры снег з дажджом.

Гэта не першае навагодняе здарэнне ў горадзе. 2 студзеня каля гандлёвага цэнтра “Гіпо” бацька з сынам запускалі петарды. Адна з іх патрапіла ў надзіманага Дзеда Мароза каля ёлкі, ён загарэўся. Навагодняя прыгажуня цудам ацалела.

У новагоднюю ноч у 2018 годзе ў Гомелі згарэлі дзве ёлкі: адна – каля тралейбуснага парка, другая – на плошчы Перамогі насупраць адміністрацыі Чыгуначнага раёна.

У Гомелі на Прывакзальнай плошчы згарэла ёлка
Фота МНС