Уночы 2 студзеня п’яны кіроўца пашкодзіў у Светлагорску на вуліцы Стэфаноўскага ажно 5 аўтамашын.

Відавочцы паведамляюць у суполцы “Светлагорскі аўтаканал”, што мужчына а 3-й ночы на сваім пазадарожніку меўся прыпаркавацца побач з суседскімі аўтамашынамі, але, па ўсяму відаць, неадэкватна ацаніў адлегласць і зачапіў ажно пяць аўтамашын – адным паламаў бамперы, іншым памяў бакавіны. У некаторых з іх спрацавала ахоўная сігналізацыя.

Светлавыя і гукавыя сігналы, пэўна, крыху ацвярозілі ліхога кіроўцу. Ён даў задні ход і ад’ехаў ад месца здарэння бліжэй да дома, дзе і спыніўся.

Разбуджаныя гаспадары пакалечаных аўто выклікалі міліцыю. Віноўніка аварыі затрымалі. Апроч адміністрацыйнага пакарання, яму давядзецца заплаціць не адну тысячу рублёў за рамонт пашкоджаных машын.