Ілюстрацыйнае фота

Эксперт у вобласці турызму Лілія Кобзік распавяла “Народнай Волі”, дзе беларусы адпачываюць зімой.

– Многія адпачываюць і на самай справе не толькі летам, але і ў зімовы перыяд, – кажа наша суразмоўца. – Хтосьці застаецца дома, нехта ляціць у цёплыя краіны, на мора. Звычайна адпраўляюцца ў Егіпет, Тайланд, Ізраіль альбо В’етнам. Гэта самыя папулярныя ў беларусаў накірункі.

Дарэчы, В’етнам – узыходзячая зорка беларускага турыстычнага рынку. У многіх, магчыма, раней было ўяўленне, што гэта нейкая недаразвітая і нецікавая краіна, але зараз В’етнам развіваецца высокімі тэмпамі. Будуюцца еўрапейскія гатэлі, вельмі добры сэрвіс і даволі нізкія кошты. Да таго ж паміж нашымі краінамі – бязвізавы рэжым, 15 дзён можна знаходзіцца ў В’етнаме без візы. Адзіная нязручнасць – туды няма прамых авіярэйсаў з Мінска, таму нашы турысты лятаюць звычайна праз Маскву.

– Кажуць, што ў Егіпце не так даўно было некалькі выпадкаў атручэння беларускіх турыстаў, а таму некаторыя адмаўляюцца ехаць у гэтую краіну і здаюць пуцёўкі…

– Масавай адмовы не было, але трэба прызнаць, што зараз попыт на адпачынак у гэтай краіне стаў меншы. І гэта зразумела. Калі СМІ праз дзень паведамляюць, што хтосьці ў Егіпце атруціўся, то не кожны захоча рызыкаваць за ўласныя грошы.

Але ў той жа час статыстыка паказвае: агульнага ўсплёску выпадкаў атручэння ў Егіпце няма. І трэба адзначыць, што на любым экзатычным турыстычным накірунку такія сітуацыі здараюцца. Некаторыя прыязджаюць на адпачынак хворыя, там чапляюць нейкія вірусы… Гэта ёсць паўсюль. І я не бачыла, каб праблемы з атручэннем у Егіпце былі, напрыклад, з украінцамі, хаця яны лятаюць у Егіпет не менш. Чамусьці атруціліся толькі беларусы.

Не выключаю, што многія вінаваты самі. Скажам, турысты, калі ляцяць у Індыю, не робяць прышчэпкі, хаця гэта рэкамендуецца, не сочаць пільна за санітарнымі нормамі. Там вадой з-пад крана нельга нават мыць садавіну, але ж многія эканомяць і не купляюць тую ж ваду ў магазіне, а затым і атрымліваюцца такія выпадкі.

Таму, як ужо казала, паток турыстаў у Егіпет, можа быць, крыху і зменшыўся, але гэта па-ранейшаму для беларусаў накірунак нумар адзін. Штогод туды наведваецца каля 180 тысяч нашых турыстаў.

– Што яшчэ цікава зімой нашым турыстам?

– Экзотыка! Больш далёкія і цёплыя моры на Кубе, Карыбах, Мексіцы… Натуральна, гэта больш дарагі адпачынак з трансатлантычным пералётам, які могуць сабе дазволіць не ўсе.

І заўсёды нашы турысты вельмі любілі наведвацца на Каляды і Новы год у еўрапейскія краіны, якія зусім побач, – Польшчу, краіны Балтыі, Чэхію. І нават у Парыж альбо Рым пры жаданні можна эканомна злятаць, калі паклапаціцца пра падарожжа і квіткі на самалёт загадзя. Нам вельмі падабаюцца навагоднія еўрапейскія сталіцы.

– Улічваючы, якая ў гэтым годзе “снежная” зіма, ці запатрабаваны замежныя гарналыжныя курорты?

– У Беларусі ёсць людзі, якія палюбілі гэты від адпачынку і ездзяць на курорты менавіта катацца на лыжах альбо на сноўбордзе. Калі казаць пра замежныя краіны, то самыя простыя і танныя варыянты – гарналыжны курорт Букавель у Закарпацці альбо Гудауры ў Грузіі. У той жа Букавель нават ляцець не трэба, туды ёсць аўтобусныя “ланцужкі”, як летам на мора ў Адэскую вобласць.

Хтосьці таксама аддае перавагу курорту Закапане ў Польшчы альбо наогул адпраўляецца ў Аўстрыю, Італію, Андору ці Францыю, хаця там усё значна даражэй. Аднак там гламур і якасны сэрвіс.

Можна, безумоўна, пакатацца і ў беларускіх гарналыжных комплексах, але, як кажуць, эфект не той. У нас няма гор, а таму гэта больш для аматараў.

– Калі казаць пра ўнутраны турызм…

– Аграсядзібы з задавальненнем прымаюць турыстаў, рыхтуюць навагоднія праграмы з каляднай анімацыяй і Дзедам Марозам. На гэта попыт ёсць.

– А ці прыязджаюць зімой замежныя турысты ў Беларусь?

– Шчыра кажучы, зіма – не сезон для наведвання нашай краіны замежнікамі, хаця нейкі невялікі паток ёсць і зараз. Мінск развіваецца, будуюцца гатэлі, у іх праводзяцца розныя міжнародныя семінары альбо бізнес-трэнінгі.

Традыцыйна едуць адзначаць навагоднія святы ў беларускіх аграсядзібах альбо ў Мінску расіяне, хаця ўжо няма таго ўсплёску, што быў раней. Хачу сказаць, што практычна ўсе месцы ў сталічных гатэлях на Новы год ужо забраніраваны.

***

Газета «Народная Воля» № 103 (4458)