Фота аўтара

У нядзелю 29-га снежня Вітольд Ашурак выйшаў да помніка Гедыміну ў Лідзе з плакатам: “Беларусь- ні Расія”. На плячах у яго быў бел-чырвона-белы сцяг.

Паводле самога пікетоўца, які жыве ў горадзе Бярозаўка Лідскага раёна, прыехаць і зладзіць пікет у раённы цэнтр яго прымусіла тое, што «паглыбленне інтэграцыі» усё ж можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі.

“Урэшце мне стала сорамна і крыўдна за тое, што ў Лідзе няма каму, акрамя, як школьнікам выходзіць і бараніць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, — заявіў «Народнай Волі» Вітольд Ашурак. – Усе дарослыя дзядзі і цёці сядзяць па цёплых хатах, а на плошчу з плакатамі выходзяць школьнікі, якія не хочуць пагаджацца з тым, каб наша краіна страціла незалежнасць. Я не мог застацца да гэтага абыякавым”.

Са слоў Ашурка, ён прастаяў з плакатам каля 20 хвілін, але паколькі было вельмі сцюдзёна, мусіў перапыніць пікет.

“У гэты час з касцёла якраз пасля імшы выходзілі людзі. Многія не баяліся і падыходзілі да мяне, — распавёў Ашурак. – Нехта проста дзякаваў за тое, што я не пабаяўся выйсці з плакатам на плошчу, а нехта проста выказваў словы падтрымкі”.

Міліцыя да пікетоўца, з яго слоў, не падыходзіла і пакуль ніякіх позваў не прысылалі.

Нагадаем, што раней за пратэсты супраць інтэграцыі пераследавалі непаўналетніх лідчан, якія ўдзельнічалі ў пікеце 22 снежня. На іх складалі адміністрацыйныя пратаколы, бацькам падлеткаў слалі папярэджанні ў школьных чатах.