Фота: Беларускае Радыё Рацыя

Гродзенская філія Саюза Беларускіх Пісьменнікаў прыняла заяву, ў якой асуджае дзеянні ўлад за пераслед грамадзян, якія выходзяць на мірныя пратэсты супраць “паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і Расіі.

Гродзенскія пісьменнікі ў сваёй заяве канстатуюць, што нідзе ў свеце ўлады краіны яшчэ не каралі сваіх грамадзян, якія выходзяць адстойваць яе Незалежнасць. Факт пераследу, як гаворыцца ў заяве, “ставіць пад сумнеў намеры падпісантаў незразумелых дакументаў, што першапачаткова былі вядомыя пад назвай “Праграма дзеянняў Беларусі і Расіі па рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”.

У заяве гаворыцца, што грамадства насцярожвае факт патаемнага абмеркавання пытанняў такой важнасці, што грамадзян не знаёмяць з дакументамі, якія могуць стаць лёсавызначальнымі для Беларусі.

“Паколькі кошт пытання настолькі высокі, а гэта Незалежнасць нашай дзяржавы, то пры нават самым малым сумневу кожны грамадзянін гэтай дзяржавы не толькі мае права на пратэст, але і абавязаны бараніць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны”, – гаворыцца ў заяве Гродзенскай філіі Саюза Беларускіх Пісьменнікаў.

У звязку з гэтым пісьменнікі патрабуюць: “Перастаць ад імя беларускага народа і за яго плячыма падпісваць лёсавызначальныя дакументы, якія могуць хоць тэарэтычна цяпер ці ў будучым нашкодзіць суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Неадкладна спыніць пераслед грамадзян, якія праз мірныя пратэсты выказваюць сваё стаўленне да дакументаў пра інтэграцыю і звяртаюць на гэта лёсавызначальнае для Беларусі і беларускага народа пытанне ўвагу грамадскасці нашай краіны”.

Нагадаем, што ў Гродне за ўдзел у мірных пратэстах супраць “паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і Расіі былі асуджаны пяць чалавек на агульную суму болей за 3 тысячы рублёў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»