Ілюстрацыйнае фота

Уласную сістэму вымярэння параметраў якасці нафты пабудуе ў 2020 годзе адкрытае акцыянернае таварыства “Гомельтранснафта Дружба”. Так званая станцыя кантролю размесціцца ў памежжы Беларусі і Расіі на ўчастку нафтаправода “Унеча-Мазыр”. Месца знаходжанне станцыі ўдакладніў “Народнай Волі” намеснік генеральнага дырэктара “Гомельтранснафта Дружба” па будаўніцтву Андрэй Карабань. Ён, аднак, адмовіўся назваць праектны кошт новабуда і вытворцу абсталявання, якое будзе сачыць за якасцю нафты, што паступае з Расіі на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, а таксама ідзе транзітам у Польшчу, Украіну, Венгрыю, Германію.

Раней пра пабудову ўласнай сістэмы вымярэння паказнікаў якасці нафты на згаданым участку нафтаправода паведаміў карпаратыўнаму выданню “Нафтавая магістраль” першы намеснік гендырэктара, галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Вярыга.

Сцвярджалася таксама, што канцэрн „Белнафтахім“ падтрымаў прапанову аб будаўніцтве на беларускім участку магістральнага нафтаправода “Дружба” сістэмы вымярэння колькасці і паказнікаў якасці нафты. Першы этап праекта ўстаноўкі “Гомельтранснафта Дружба” мае рэалізаваць цягам наступнага года.

У красавіку паведамлялася, што ў беларускай частцы нафтаправода “Дружба” знаходзіцца больш за 700 тысяч тон няякаснай нафты, у якой узровень хлорарганічных злучэнняў у дзесяткі разоў перавысіў стандарт. “Брудная” нафта, паводле заявы Мазырскага НПЗ, пашкодзіла дарагое тэхналагічнае абсталяванне. Сума стратаў склала каля 20 мільёнаў долараў.

Апроч таго, у звязку з пастаўкамі няякаснай нафты з Расіі прадпрыемствы канцэрна “Белнафтахім” знізілі экспарт сваёй прадукцыі на 800 мільёнаў долараў.

Будаўніцтва ўласнай станцыі дасць дадатковую гарантыю бяспекі, кантролю колькасці і якасці імпартаванай нафты, перакананы ў АТТ “Гомельтранснафта Дружба”.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»