Дырэктарка беларускамоўнай гімназіі Дзяржынска Людміла Паўхлеб атрымала вымову за класы з расійскай мовай навучання, піша Радыё Свабода.

Такім чынам улады адрэагавалі на петыцыю супраць русіфікацыі дзяржынскай гімназіі, якая з’явілася на petitions.by у кастрычніку і сабрала 681 подпіс. Пасьля збору подпісаў петыцыю накіравалі ў Міністэрства адукацыі Беларусі.

Дырэктарка беларускамоўнай гімназіі у Дзяржынску атрымала вымову за расійскамоўныя класыЧаго дамагаліся ў петыцыі

У Дзяржынску ёсць 2 школы i 2 гімназіі. Толькі адна з 4 навучальных установаў да нядаўняга часу лічылася беларускамоўнай — гімназія горада Дзяржынска. Аднак у 2019 годзе ў яе набралі чатыры расійскамоўныя класы і адзін беларускамоўны, адзначаюць у петыцыі. Справаводства таксама перавялі пераважна на расійскую мову.

У петыцыі адзначаюць, што, хоць «дзяржава нам гарантуе (паводле заканадаўства) раўнапраўе дзвюх дзяржаўных моваў», сёлета толькі 10% першакласнікаў у Дзяржынску могуць вучыцца па-беларуску, таму «беларуская і расійская мовы знаходзяцца аб’ектыўна ў несправядлівых умовах».

У петыцыі прасілі:

— Вярнуць беларускамоўнае навучанне ва ўсе пачатковыя класы гімназіі г. Дзяржынску.
— Вярнуць вядзенне справаводства адміністрацыяй, настаўнікамі і вучнямі (запаўненне навучальных планаў, дзённікаў і г.д.) на беларускай мове.

Як на петыцыю адказалі ўлады

Адказ на петыцыю прыйшоў з Галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. У ім адзначаецца, што «гімназія дзейнічае на падставе статуту (п. 1 арт. 22 Кодэксу аб адукацыі). Навучанне ў ёй ажыцьцяўляецца на беларускай мове, выхаванне — на беларускай і расійскай мовах».

«За парушэнне прававых нарматыўных дакументаў пры арганізацыі прыёму ў першую класу дырэктару гімназіі Паўхлеб Л. С. абʼяўлена вымова», — гаворыцца ў адказе.

Таксама ў дакуменце адзначаецца, што «замена беларускай мовы навучання на расійскую ў гімназіі не плануецца» і што мясцоваму ўпраўленню адукацыі, спорту і турызму «рэкамендавана забяспечыць дзейсны кантроль за вызначэннем беларускай мовы навучання пры фармаванні кантынгенту навучэнцаў і сеткі ўстановаў адукацыі».