Юрый Захаранка на Чарнобыльскім Шляху 1997 года / Уладзімір Сапагоў

Следчы камітэт аднавіў справу па факце знікнення генерала міліцыі Юрыя Захаранкі. Пра гэта ў каментары Радыё «Свабода» паведаміў праваабаронца Алег Воўчак. Ён атрымаў адпаведнае апавяшчэнне са Следчага камітэта за подпісам начальніка аддзела, следчага Юрыя Вараўкі, перадае Еўрарадыё.

Справа па знікненні Захаранкі, як паведамляецца ў дакуменце была адноўленая 18 снежня — праз два дні пасля інтэрв’ю Юрыя Гараўскага на Deutsche Welle. Былы спецназавец, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрона смерці», прызнаўся, што 20 гадоў таму ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя дзеянні адбываліся, па яго словах, пад камандаваннем Дзмітрыя Паўлічэнкі.

На думку Воўчака, падставай для аднаўлення крымінальнай справы сталі заявы Гараўскага у СМІ. Праваабаронца кажа, што Следчы камітэт цяпер абавязаны праверыць словы Гараўскага: «Ім таксама трэба далучыць гэты відэазапіс Deutsche Welle да справы і разбірацца з заявамі, агучанымі ў інтэрв’ю. Калі там паклёп, Следчы камітэт абавязаны звяртацца ў праваахоўныя органы і пісаць, што гэта паклёп, інфармацыя не пацвердзілася — гэта цэлы працэс».

Воўчак мяркуе, што неўзабаве адновяць прыпыненыя справы аб выкраданні Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Хадайніцтвы ў Следчы камітэт пра аднаўленне папярэдняга следства днямі падалі сваякі зніклых — Святлана Завадская і Ірына Красоўская.

Следчы камітэт аднавіў крымінальную справу пра знікненне Юрыя Захаранкі