Мікалай Салянік

Гродзенскага актывіста Мікалая Саляніка паводле двух міліцэйскіх пратаколаў аштрафавалі на 45 базавых велічынь (1147,5 рубля) за заклік да акцыі супраць “паглыбленай інтэграцыі” паміж Беларуссю і Расіяй у інтэрнэце і за ўдзел у ёй.

Падчас судовага працэсу ў Кастрычніцкім судзе Гродна Мікалай Салянік прызнаў, што насамрэч размяшчаў заклік на сваёй старонцы ў Фэйсбуку да гродзенцаў, каб тыя прыходзілі 15 снежня на акцыю пратэставаць супраць “паглыбленай інтэграцыі” паміж Беларуссю і Расіяй.

Ён таксама, згодна з міліцэйскім пратаколам прызнаў, што падчас акцыі трымаў у руках мегафон, прамаўляў у яго, даваў рознага роду распараджэнні ўдзельнікам акцыі. Не абвяргаў, што на плячах у яго быў бел-чырвона-белы сцяг. Дакладна тыя ж паказанні ён раней даваў для міліцэйскага пратаколу.

Калі суддзя запытала Саляніка – якая была мэта акцыі, той адказаў, што заклікаў людзей бараніць незалежнасць Беларусі. Маўляў, такое права яму дае Канстытуцыя краіны.

“Мы ў той дзень насамрэч баранілі незалежнасць нашай краіны, — цвёрда адказваў спадар Мікалай. – У тым ліку і вашай краіны, спадарыня суддзя, а таксама тых міліцыянераў, якія склалі на мяне пратакол. Я думаў, што мяне тут за гэта будуць узнагароджваць, а аказалася, што судзяць”.

Урэшце ён звярнуўся да суддзі з просьбай прысудзіць яму вялікі штраф, паколькі гродзенцаў на акцыю сабралася, на яго думку, не так і шмат, як трэба было б.

“Налажыце такі штраф, каб у мяне грошай не засталося не толькі на харчаванне, але і на наскі і трусы, — цалкам сур’ёна звяртаўся да суддзі Салянік. – Я сапраўды дрэнна папрацаваў у той дзень і не здолей сабраць на акцыю хаця б некалькі тысяч чалавек”.

Атмасфера ў судзе, хоць і нагадвала на першы погляд тэатр абсурду, але ніхто з прысутных, акрамя міліцыянераў нават не ўсміхаўся, усе сядзелі з сур’ёзнымі тварамі.

Зрэшты, суддзя пачула просьбу Мікалая Саляніка. Штраф у 1147,5 рубля – гэта некалькі яго пенсій.

Дарэчы, за ўдзел у акцыі ў абарону незалежнасці 15 снежня раней былі асуджаны яшчэ чатыры гродзенскіх актывіста на агульную суму 1912,5 рубля.