Мікалай Уласевіч

Гродзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Мікалая Уласевіча з Астравецкага раёна на рашэнне раённага суда аб адмове ўзбуджэння грамадзянскай справы на дзеянні ўчастковай выбарчай камісіі №47 Смаргонскай выбарчай акругі №59.

Уласевіч напісаў скаргу ў раённы суд пасля таго, як старшыня ўчастковай камісіі №47 не дазволіла яму прысутнічаць на выбарчым участку пры падліку галасоў. Хаця ён з’яўляўся даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты.

“Я працытаваў старшыні камісіі вытрымку з выбарчага заканадаўства, дзе чорным па беламу напісана, што давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты маюць права прысутнічаць пры падліку галасоў, — паведаміў “Народнай Волі” Уласевіч. – А яна ў адказ паклікала ўчастковага, які папрасіў мяне пакінуць выбарчы ўчастак”.

На яго скаргу раённы суд адказаў адмовай узбуджаць грамадзянскую справу з прычыны таго, што скарга не падлягае разгляду ў судзе.

Аднак Уласевіч палічыў, што такім рашэннем раённы суд парушыў яго законнае права на судовую абарону яго правоў і свабод, якое гарантуецца Канстытуцыяй. Ён і падаў скаргу ў Гродзенскі абласны суд. Абласны суд пакінуў рашэнне Астравецкага раённага суда без зменаў і без задавальнення.

Уласевіч, у сваю чаргу, заявіў “Народнай Волі”, што будзе абскарджваць і гэтае рашэнне.

“Яны добра разумеюць, што такія дзеянні старшыні выбарчага ўчастка ў чыстым выглядзе свавольства, — упэўнены Уласевіч. – І паколькі ўсе знаходзяцца на службе ў аднаго гаспадара, спрабуюць любымі метадамі гэта прыкрыць. Але рана ці позна ўсё павінна стаць на свае месцы”.